Погода, Беларусь
Главная Написать письмо Карта сайта
150 золотых маршрутов моей Беларуси
>>>
Здоровье
>>>
Давайте обсудим
>>>



Праздники

№13 от 28 марта 2013 года

Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень 2013
Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень 2013

Праз таямніцу Пасхі да духоўнага прабуджэння
Глыбокапаважаныя святары, браты і сёстры, людзі добрай волі!
«Хрыстус уваскрос!» — «Сапраўды ўваскрос!»

1. Гэтымі словамі пасхальнага закліку вітаю і віншую ўсіх вас з радасным і збаўчым святам Уваскрасення Езуса Хрыста, святам, якое з’яўляецца падмуркам нашай веры, бо калі б Хрыстус не ўваскрос, то марным было б нашае прапаведванне і марнай была б наша вера (пар. 1 Кар 15, 14), — як заўважае св. апостал Павел. Гэта азначае, што без Уваскрасення наша вера была б падобнай да пабудаванага на пяску дома, які разбурылі б дажджы і ветры (пар. Мц 7, 24-27). У той жа час наша вера засноўваецца на Уваскрасенні Хрыста.
2. Пацвярджэннем Уваскрасення Езуса быў як пусты гроб, да якога прыйшлі жанчыны, якія прынеслі алей, і апосталы Пётр і Ян, так і прысутнасць сярод апосталаў уваскрослага Хрыста. Яны сустрэлі Яго ў Вячэрніку і па дарозе ў Эмаус і таксама пазналі Яго падчас супольнага пасілку каля Галілейскага возера. Святы Тамаш дакрануўся да Яго ранаў. Ён аб’явіўся больш чым пяцістам чалавек.
Гэта былі рэальныя сустрэчы, які адбыліся ў рэальны час і ў рэальных месцах. Яны былі апісаны сведкамі, многія з якіх пацвердзілі іх праўдзівасць мучаніцкай смерцю.
3. Падзея, якая адбылася дваццаць стагоддзяў таму, працягваецца і дакранаецца да кожнага з нас у сакрамэнце хросту, у якім мы паміраем для граху і ўваскрасаем да жыцця ў Божай ласцы. У ім мы акунаемся ва Уваскрасенне Хрыста, які адкрывае нам доступ да новага жыцця (пар. Рым 6. 3-4. 11-14). Без гэтага ўваходжання ў таямніцу цярпенняў, смерці і Уваскрасення Езуса мы б глядзелі на таямніцу Пасхі, як турыст глядзіць на горад праз акно аўтобуса. Гэтым самым не дазволілі б пасхальнай падзеі ахапіць усе вымярэнні нашага жыцця і ўвайсці ў яго. У той жа час дзякуючы Пасхальнай таямніцы мы становімся дзецьмі Божымі, і апошняе слова адносна нашага лёсу належыць не да смерці, але да жыцця. Уваскрасенне Хрыста змяніла прыроду чалавека і свету, у якім прысутнічае Збаўца. Мы можам Яму давяраць і ў Ім мець надзею, бо Ён не належыць да мінулага, але ёсць сучаснасцю і вядзе ў будучыню. Прыгожа аб гэтым нагадвае Святы Айцец Бэнэдыкт XVI, які заклікае да жыцця надзеяй, у якой мы збаўлены (пар. SS 1).
Уваскрасенне Хрыста ёсць пераход да жыцця ў новым вечным вымярэнні. У гэтым крыецца перамога Пасхі як наша збаўленне! Таму разам са св. Аўгустынам можам казаць, што Уваскрасенне Хрыста ёсць нашай надзеяй, бо ўводзіць нас у новую будучыню.
Такім чынам праўда аб Уваскрасенні Хрыста адкрывае перад чалавекам новую перспектыву яго жыцця, у якое ўваходзіць подых вечнасці. Таму апошнім вымярэннем жыцця чалавека з’яўляецца не тленнасць, але вечнасць. Святы апостал Павел кажа: «Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога» (Кал 3, 1). Як вучні Хрыста мы павінны быць сведкамі гэтага закліку з мэтай паказваць значэнне Уваскрасення Хрыста ўсім людзям, каб свет паверыў.
4. Для гэтага святло Уваскрасення найперш павінна перамяняць нас, каб мы маглі быць яго сведкамі. Наша краіна патрабуе гэтага ажыўляючага святла Езуса Хрыста, які ёсць знакам нашай гісторыі і яе моцай. Наш народ заўсёды чэрпаў сілы з пасхальнай праўды і да яе павінен цяпер прыбягаць, найперш у справе свайго маральнага аднаўлення.
Да свабоды веравызнання наш народ ішоў шляхамі цярпенняў і малітвы. Сёння пакрыху забываемся аб тых цяжкіх часах. Але ці ў той жа час наша жыццё мы заўсёды будуем з Богам?
На самой справе ў сучасным свеце ўсё больш і больш праяўляецца практычны матэрыялізм і папулярызуецца стыль жыцця без Бога. Нярэдка чалавек становіцца як быццам прадметам, так што яго вартасць часта мерыцца рахункам у банку, неўтаймаванай пагоняй за багаццем, здольнасцю арганізаваць бізнэс, здароўем ці спраўнасцю дастаўляць прыемнасці і г.д. Да гэтага далучаецца прапаганда лібералізму, уседазволенасці, пазасужэнскага сексу, парнаграфіі, насілля, неабмежаванага спажывецтва і шопінгу. З вялікай хуткасцю далей распаўсюджваецца алкагалізм, наркаманія і чума нашага часу — СНІД. Сям’я, як галоўная клетка грамадства, перажывае нябачны дагэтуль крызіс да такой ступені, што прапагандуюцца аднаполыя саюзы з правам усынаўлення дзяцей. Самы вялікі і бясцэнны Божы дар, якім ёсць жыццё, абясцэньваецца, і ім маніпулююць. Свет падзелены. Чалавек усё часцей становіцца на шлях эгаізму, ўсё больш клапоціцца пра сябе самога і забываецца аб любові да бліжніх.
Словам, пануючы ў сучасным свеце, секулярызм заключаецца ў паступовым пазбаўленні спадчыны чалавека як Божага твору. Ён пазбаўляецца Бога, сям’і, сужэнства, дзяцей, свайго мінулага, адпушчэння грахоў і веры ў Божую міласэрнасць і г.д.
Сучасная культура вельмі часта падобна да культуры падлеткаў. Важна, каб толькі штосьці круцілася, гудзела, шумела і блішчала. Чалавек, асабліва малады, імкнецца адрознівацца ад іншых і быць арыгінальным сваімі далёка не заўсёды маральнымі паводзінамі, адзеннем, прычоскай, татуіроўкай і г.д. Сучаснымі тэхналогіямі людзі стараюцца змяніць сваё цела. Яны змяняюць дыеты, асяроддзе, памяшканне і г.д. Некаторыя нават становяцца транссексуаламі. Такім чынам сучасны свет усё больш становіцца падобным да велізарнага гіпермаркета, які запоўнены разнастайнымі касцюмамі. Перад ім натоўп людзей, якія ў іх шукаюць свайго ўласнага «я». У гэтым пошуку, які адбываецца без адносін з Богам, яны бясконца пераапранаюцца ў новыя адзенні, што, аднак, не дапамагае ім да канца зразумець саміх сябе. Такім чынам, пошук магчымасці стаць іншым у наш час з’яўляецца знакам адыходу ад Бога, як нашага Творцы і Збаўцы, у выніку чаго чалавецтва акунаецца ў духоўную цемру, не могучы адрозніць дабро ад зла.
Духоўным анамаліям сучаснасці неабходна супрацьпаставіць праўду аб годнасці і святасці чалавека як створанага па вобразу і падабенству Божаму (пар. Быц. 1, 26) і адкупленага цярпеннямі і Уваскрасеннем Хрыста (пар. 1 Петр 1, 19).
5. Каб гэта ўчыніць, трэба мець моцную і непахісную веру, якая вынiкае з праўды Уваскрасення. Менавіта яна мае фундаментальнае значэнне хрысціянству і з’яўляецца ключом да разумення хрысціянскага бачання свету. Хрысціянства — гэта не толькі і не столькі філасофская сістэма, этыка, культура ці збор маральных норм, але сустрэча з уваскрослым Хрыстом, які з’яўляецца яго крыніцай. Уваскрасенне Хрыста — гэта праўда, у якую верым, і адначасова галоўная прычына, для якой верым.
У падзеі Уваскрасення знаходзіць сваё тлумачэнне драма крыжовай смерці Хрыста. Сам крыж не мог бы абгрунтаваць хрысціянскай веры. Больш за тое, ён назаўсёды застаўся б трагедыяй. Сутнасцю пасхальнай таямніцы ёсць тое, што ўкрыжаваны Езус уваскрос на трэці дзень (пар. 1 Кар 15, 4).
Вера ва Уваскрасенне Хрыста з’яўляецца сутнаснай справай нашага рэлігійнага жыцця, бо яна надае яму канчатковы накірунак. Без яе мы сталіся б падобнымі да капітана карабля, які ведае, як ім упраўляць на моры, але не ведае, куды плысці. Што з таго, што карабель яму паслухмяны і ён ведае, як сябе паводзіць падчас шторму, калі не можа даплысці да порту прызначэння?
На працягу ўсёй сваёй гісторыі чалавецтва шукала эліксіру вечнасці, лекаў ад смерці. Але гэтыя лекі існуюць ад велікоднага паранку. Яны перамяняюць нашае жыццё знутры і твораць ў нас новае, якое заслугоўвае вечнасці. Яны змяняюць нас так, што смерць ужо больш не з’яўляецца канцом, але пачаткам жыцця ва ўсёй паўнаце. Навіна хрысціянства ў тым, што яно дае лекі нясмяротнасці. Мы іх атрымліваем у сакрамэнце хросту, які распачынае ў нас новае жыццё, якое даспявае ў веры і якое не будзе знішчана смерцю.
6. Калі жанчыны, якія неслі алей, прыйшлі да грабніцы Езуса і ўбачылі, што яна пустая, то з вуснаў анёла пачулі, што Хрыстус уваскрос (пар. Мц 28, 5). Такім чынам, анёл стаў для іх першым вестуном Уваскрасення. Жанчыны, распавядаючы аб гэтым апосталам, у сваю чаргу, сталі для іх вестунамі гэтай рэвалюцыйнай і неспатыканай весткі, што памерлы Хрыстус паўстаў з гробу. Далей апосталы атрымалі ад Езуса наказ ісці і абвяшчаць Евангелле па ўсім свеце (пар. Мц 28, 19). Хрыстус ім выразна сказаў: «Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас» (Ян 20, 21). Гэта азначае, што як Езус быў вестуном любові нябеснага Айца, таксама і мы павінны быць вестунамі любові Сына. Хаця мы і застаёмся далей людзьмі, аднак праз хрост і канфірмацыю нам была даручана місія быць вестунамі ўваскрослага Хрыста.
Абвяшчэнне ўваскрослага Езуса ёсць прынцыповай справай нашай веры, якая перажывае крызіс і агонь якой неабходна распаліць нанова. Гэта галоўнае заданне Касцёла на сучасным этапе яго развіцця. Наша вера засноўваецца на пастаянным і верным абвяшчэнні Добрай Навіны. А гэта патрабуе новага місійнага запалу і поўных энтузіязму адважных сведкаў Евангелля.
Звестка аб новым жыцці ва ўваскрослым Хрысце найперш павінна знайсці месца ў нашым асабістым жыцці. Яна павінна перамяніць нашы сэрцы і ўсё наша жыццё. Уваскрасенне мае нешта супольнае з адмаўленнем ад граху. З псіхалагічнага пункту гледжання многія лічаць за лепшае заставацца ў грабніцы сваіх грахоў, боязі і адрачэння, расчараванняў і ранаў. Яны выбіраюць грахоўны гроб, бо баяцца духоўнага жыцця.
Таму сёння мы, слабыя і грэшныя людзі, звяртаемся да Цябе, уваскрослы Езус, словамі малітвы благаслаўлёнага Яна Паўла II (17 красавіка 1999 г.):
Ойча, адчыні нашы грабніцы!
Бо без Уваскрасення будучыня няпэўная,
без Уваскрасення вера пазбаўлена падмуркаў,
без Уваскрасення перамагло б зло,
без Уваскрасення толькі сучаснасць ёсць усім,
без Уваскрасення цемра застаецца без світанку,
без Уваскрасення чалавецтва не мае альтэрнатывы,
без Уваскрасення смерць перамагае,
без Уваскрасення гарызонт застаецца абмежаваны,
без Уваскрасення сэнс жыцця застаецца таямніцай.
Таму пасланне Пасхі заўсёды застаецца жывым і актуальным. Яно дае нам новую надзею як у зямным жыцці, так і ў вечнасці; заклікае нас яго абвяшчаць і быць яго сведкамі, а таксама ўмацоўвае нашу веру.
7. Сёлетні Вялікдзень вельмі знакавы. Гэта першы Вялікдзень, які мы святкуем з новым папам Францішкам. Менавіта яму Бог даручыў заданне кіравання Паўсюдным Касцёлам у наш, поўны розных выклікаў, час. Працягваючы справу благаслаўлёнага Яна Паўла II і Бэнэдыкта XVI, ён пакліканы весці нас да духоўнага абуджэння і ўмацавання веры. У гаміліі падчас святой Імшы, якую новы біскуп Рыма цэлебраваў 14 сакавіка ў Сікстынскай капэле разам з Калегіяй кардыналаў у інтэнцыі Касцёла, ён падкрэсліў неабходнасць разам з Хрыстом крочыць наперад, будаваць Касцёл і вызнаваць веру. Але дзеянне без Хрыста не вядзе да добрых мэтаў. Будаванне без Хрыста нагадвае пясочныя замкі, якія рассыпаюцца, а вызнаванне чагосьці іншага, апроч Хрыста, становіцца служэннем сатане.
Усім вядома, што дзеянне з’яўляецца прыкметай жыцця. Таму гэтая заўвага Папы з’яўляецца надзвычай важнай. У гаміліі падчас святой Імшы інаўгурацыі Пантыфікату 19 сакавіка папа Францішак падкрэсліў, што Хрыстус з’яўляецца цэнтрам хрысціянскага паклікання, і заклікаў не баяцца ўражлівасці на праблемы сучаснага свету з мэтай не дапусціць, каб знакі знішчэння і смерці яму спадарожнічалі.
Сёлетні Вялікдзень адзначаецца падчас Года веры, і таму мы павінны нанава адкрываць значэнне пасхальнай праўды і ёю ўмацоўваць нашу веру.
Гэты год — таксама год, калі адзначаецца 1700-годдзе славутага Міланскага эдыкту, які прызнаў хрысціянству роўныя правы з іншымі рэлігіямі і гэтым самым даў пачатак яго буйному развіццю, што мела сваю крыніцу ў таямніцы Уваскрасення Хрыста.
У гэтым годзе мы таксама адзначаем 1150-годдзе ўвядзення славянскага пісьменства святымі Мятодам і Кірылам. Гэтая сапраўды рэвалюцыйная падзея дала магчымасць славянскім народам мець Божае слова на славянскай мове.
Сёлета мы святкуем юбілей 400-годдзя прыбыцця цудоўнага абраза Божай Маці ў Будслаў. На працягу чатырох стагоддзяў Марыя была з намі, падтрымлівала нас і вяла да свайго Сына Езуса Хрыста. Яна стаяла з намі пад крыжам ганенняў на Касцёл, каб прывесці да радасці яго Уваскрасення. Сёння, у час свабоды веравызнання і адначасова крызісу веры, мы звяртаемся да цябе, Маці Божая Будслаўская, абарані нас ад зла секулярызму і выпрасі ў свайго Сына ласку вернасці нашаму хрысціянскаму пакліканню і жыццю праўдай Яго Уваскрасення.
Мы верым, што Ён выслухае твае просьбы і ўчыніць нас удзельнікамі сваёй пасхальнай перамогі, адродзіць да новага жыцця ў духу і праўдзе, умацуе веру, дасць новую надзею і ажывіць любоў! 
8. Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
Яшчэ раз ад усяго сэрца віншую вас са святам Вялікадня. Віншую сваіх адзінаверцаў і тых хрысціян, якія сёння адзначаюць гэтае збаўчае свята. Віншую праваслаўных. Сёлета розніца календароў вельмі вялікая (Пасха ў праваслаўных 5 мая), але вера ва Уваскрасенне Хрыста застаецца адной і адказнасць за яе — супольнай. Віншую людзей добрай волі. Хрыстус збавіў усіх, і ўсе пакліканы прымаць удзел у Яго перамозе.
Ад пустой грабніцы Збаўцы з надзеяй і адвагай разам з новым Пантыфікам Францішкам пой-
дзем сведчыць праўду Уваскрасення, пойдзем у будучыню — нашу асабістую і нашай краіны, верачы, што яна будзе шчаслівай, бо ўваскрослы Езус ёсць з намі. А калі Бог з намі, то хто супраць нас? (пар. Рым 8, 31)
Поўных Божай ласкі, духоўнай радасці і супакою святаў Вялікадня Хрыстовага ўсім вам!
Няхай пасхальны заклік «Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!» гучыць на нашай зямлі і будзіць людзей да новага жыцця ва ўваскрослым Езусе.
Давяраючы ўсіх вас апецы Божай Маці, гэтыя пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск, 19 сакавіка 2013 г.



Всего 0 комментария:


Еще
В рубрике

Еще не успел последний осенний листочек упасть на замерзшую землю, как в Минске уже заработали новогодние базары!

Небеса убо достойно да веселятся, земля же да радуется: да празднует же мир, видимый же весь и невидимый, Христос бо воста, веселие вечное. Тропарь 1-й песни Пасхального канона

«Неабходна, каб, ідучы за ўваскрослым Хрыстом, мы сваім сапраўдным хрысціянскім сведчаннем заўсёды выказвалі нашу радасць і веру ва ўваскрасенне, якое вядзе ў шчаслівую будучыню»,– адзначае арцыбіскуп.

А вы уже почувствовали приближение Нового года? Нет? Тогда бегом за подарками родным и близким!