Наша навамодная кватэра ў папулярным стылі Japandi (камбінацыя скандынаўскіх і японскіх дызайнерскіх традыцый) на самой справе з’яўляецца роднай беларускай хатай. У гэтым я пераканалася, пазнаёміўшыся з выставай «Мова хаты» ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. А якія супадзенні знойдзеце вы?
Усё, што звязана з хатай, – нашы вытокі. Род, прырода, нараджэнне, ураджай, адраджэнне – дадзеныя словы маюць адзін корань род. На гэтай канцэпцыі і пабудавана выстава.
Мова хаты – мова, якую не трэба вучыць, яна даецца нам на генным узроўні. У музеі ва ўзноўленых кутах беларускай хаты прадстаўлены печ, бабін кут, спальнае месца і покуць.
Асобна супрацоўнікі музея закранаюць тэму прыроды і чалавека. Бо прырода – наш другі дом, у якім трэба быць не часовымі гасцямі, а клапатлівымі гаспадарамі. Беларусы шанавалі ўсё жывое, таму ўпрыгожвалі сваю адзежу і ручнікі ўзорамі, якія сустракаюцца ў нашым наваколлі.
У зімовыя доўгія вечары сялянская хата пераўтваралася ў майстэрню. Жанчыны працавалі з ільном, а гаспадары рабілі драўляны посуд, плялі кошыкі і картузы з саломы.
Кут, дзе гаспадарыла жанчына, так і назвалі «бабін». Ён размяшчаўся каля печы насупраць па дыяганалі ад покуці. На паліцы знаходзiўся посуд, драўляны і керамічны. Нават ёсць невялічкі кубачак з дзвюма ручкамі. Ніхто не ведае, для чаго і як яго выкарыстоўвалі.
У XIX стагоддзі ў бабіным куце галоўным атрыбутам з’яўлялася печ – моцнае, сакральнае месца. Ніколі ніхто не мог каля яе сказаць ніводнага кепскага слова!
Замацавалася такое словазлучэнне, як «руская печка». А чаму яна не магла быць беларускай? На самой справе наша печ вельмі адрознівалася ад рускай ці ўкраінскай.
У XX стагоддзі на тэрыторыі сучаснай Расіі было модна распісваць хаты. Рабілі цэлыя карціны на сценах, упрыгожвалі свае печы ўсялякімі ўзорамі. У беларусаў калі быў роспіс, то мінімальны, а печы дакладна ніколі не распісвалі! Нашы продкі вельмі шанавалі традыцыі і абачліва ставіліся да ўсяго новага.
Яшчэ адзін кут, частка памяшкання паміж печчу і тарцовай сцяной, – спальны памост (падлога, палок). Рабілі яго з дошак, каб зручней было слацца і залазіць. Спальны кут у хаце нагадваў двух’яруснае ўзвышэнне: першы ярус – палок, другі – палаці. На палок і палаці клалі сеннікі – напханыя сенам ці саломай матрацы, падушкі, посцілкі. Ложкамі сталі карыстацца толькі ў канцы XIX стагоддзя Так, у хаце пачала з’яўляцца перасоўная мэбля.
Калі нараджалася дзіця, з’яўлялася калыска (люлька). Туды клалі верацяно, каб ніхто не сурочыў немаўлятка. Цікава, што дзеці лічыліся малымі да 6 гадоў. І да гэтага ўзросту іх нельга было наказваць! А пасля можна было за дрэнныя паводзіны спецыяльным ручнічком з кутасікамі і па жопцы даць.
Покуць, ці чырвоны кут – самае пачэснае месца ў хаце, не забытае Богам. Звычайна размяшчаўся ён на супрацьлеглым баку ад бабінага кута. Там традыцыйна вешалі абразы і пакрывалі іх ручнікамі-набожнікамі. За абразам хаваліся асвечаныя калоссі, грамнічныя свечкі, малітоўнік, грошы. У чырвоным куце таксама стаяў стол. У звычайным жыцці яго не накрывалі абрусам, толькі калі прыходзілі госці. На чале стала заўсёды сядзеў гаспадар. На такія святы, як Дзяды і Радаўніца ўся сям’я збіралася менавіта ў чырвоным куце. Таму можна сказаць, што гэта дзедаў кут.
Ёсць на выставе старажытны куфар, абабіты металічнай бляхай з кропачным, вельмі аскетычным роспісам. Ён належаў паэту Пятру Сяўруку, які захоўваў у ім свае рукапісы. Ёсць таксама абраз XIX стагоддзя Маці Божай Адзігітрыі, манеты, прылады працы, школьныя пропісі і яшчэ шмат чаго цікавага.
Прадстаўлены і нашы беларускія ручнічкі. Па кожным з іх можна скласці цэлае апавяданне пра жанчыну, якая яго ткала і вышывала. Кожны ўзор мае сваё асаблівае тлумачэнне. Ручнік з Клецкага раёну Мінскай вобласці, хутчэй за ўсё, ткала дзяўчына сабе на вяселле. У сярэдзіне яго вышыты птушкі, якія павернуты адна да адной. Гэта значыць, што маладыя знайшлі адзін аднаго. А ўверсе ручніка птушачкі ідуць адна за другой – гэта час чакання.
Выставу «Мова хаты» суправаджаюць літаратурныя матэрыялы. Менавіта радкі з верша беларускай паэткі Ларысы Геніюш «Мая мова» натхнілі старшага навуковага супрацоўніка музея Святлану Кажамяку і вядучага мастака Генадзя Чыстага на стварэнне экспазіцыі. Творы Ларысы Геніюш, а яшчэ казкі Уладзіміра Караткевіча і іншыя аповеды ў кожным куце развешаны.
«Мова хаты» – гэта мова, якая распавядае пра працаздольнасць беларусаў, пра тое, як яны захоўвалі прыгажосць і бачылі яе ў самых простых рэчах. Падаецца, што ў XXI стагоддзі мы вельмі-вельмі далёкія ад усяго гэтага. Але ж, калі чалавек прыходзіць на падобную выставу, штосьці адгукаецца ў яго душы. У кожнай гарадской кватэры заўсёды будзе водгук беларускай хаты. Напрыклад, я кожны раз набываю ільняныя ручнікі, якімі зручна карыстацца на кухні. А мае ніткі і спіцы для вязання захоўваюцца ў зручным плеценым кошыку», – адзначыла загадчык навукова-асветніцкага аддзела музея Эліна Свірыдовіч.
Юлія РАМАНЬКОВА.
Фота Сяргея ШЭЛЕГА
У экспазіцыі ёсць свой праект «Чытанкі-ліставанкі» на ютуб-канале, дзе супрацоўнікі музея чытаюць казкі. Ужо можна праслухаць «Чортаў скарб» і «Кацёл з каменьчыкамі» Уладзіміра Караткевіча. У сацсетках музея кожны можа прайсці тэст «Загадкі з хаткі», атрымаць сертыфікат з пазначэннем вынікаў праходжання і невялічкі падарунак ад музея.
Спасылка на тэст i казкi: