Вось ужо больш дзесяцi гадоў ён з’яўляецца мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, які 14 верасня адзначыць сваё 100-годдзе. Мікалай Пінігін расказаў нам аб тым, як нараджаецца спектакль, якую татуіроўку павінен зрабіць сабе кожны рэжысёр і чаму ён
не верыць у натхненне…
– Мікалай Мікалаевіч, напярэдаднi Новага года ў Купалаўскім адбылася прэм’ера – «Кароль Лір». Вы ўжо паспелi адпачыць? Або зноў у рабоце над новай пастаноўкай?
– Мне некалі адпачываць. Зараз працую з мастакамі над спектаклем «Тутэйшыя» па твору Янкі Купалы, які будзем аднаўляць да 100-годдзя тэатра. Напрыканцы года запланавана прэм’ера «Ідыліі» па Дуніну-Марцінкевічу.
Акрамя таго, зараз у нас працуе маскоўская пастановачная група над спектаклем па Шагалу. Рэжысёр Сяргей Зямлянскі – балетмайстар, які робіць спектаклі з драматычнымі артыстамі. Дапамагае яму мастак Вахтангаўскага тэатра Максім Абрэзкаў. Лічу, што атрымаецца нешта вельмі цікавае.
Не магу казаць, што я стаміўся. Раней, бывала, выпусціш спектакль, а потым месяц прыходзіш у сябе. Гэта як пасляродавая дэпрэсія ў жанчын. Так і ў рэжысёра – ты нібы нараджаеш, толькі не дзіця, а спектакль. Ты фізічна аддаеш свае сілы, так укладаешся ў людзей, у артыстаў, так закачваеш іх сваёй энергетыкай, што сам потым нуль… Зараз мяне «пранесла». Можа, «Кароль Лір» – гэта першая пастаноўка, якая мне так лёгка далася…
– Вы параўналі нараджэнне спектакля с нараджэннем дзіцяцi. Пэўна, і крытыку свайго «дзіцяці» вельмі балюча ўспрымаеце?
– Не звяртаю ўвагі на крытыку. Барыс Грабеншчыкоў аднойчы казаў: «Той, хто можа нешта стварыць – стварае, той, хто нічога не можа – аналізуе». Лічу, што кожны рэжысёр павінен татуіроўку такую сабе зрабіць.
Я заўсёды казаў крытыкам: не хадзіце на першы спектакль. Патрэбны час, прыкладна 14–15 паказаў, каб спектакль «вызваліўся» і нарэшце стаў «хадзіць», як і дзіця… Але ніхто не слухае, некаторыя прыходзяць на першы тэхнічны прагон… Не спытаўшыся нават у рэжысёра…
Зараз крытыка ператварылася ў журналістыку: хто хутчэй напіша. Таму, калі мяне хваляць, мне гэта не цікава. Прафесіянальны крытык – той, хто добра ведае сусветную гісторыю тэатра, ведае тэатральныя школы, развіццё сучаснага тэатра. І тады па ўзроўню яго артыкула я бачу, з кім маю справу. Тады з задавальненнем падыскусірую з гэтым чалавекам. Мне будзе цікава, каб хтосьці мяне чаму-небудзь навучыў. На жаль, даўно не сустракаў такіх людзей. Таму мой галоўны крытык – гэта глядач!
– Пасля столькіх год рэжысёрскай дзейнасці вам прасцей ставіць спектаклі? Дзе вы ловіце натхненне?
– З аднаго боку, мне прасцей ставіць зараз. Усё-такі я сорак год займаюся тэатрам, шмат чаго бачыў, шмат чаго ведаю. З другога боку, ёсць нейкія клішэ... Мая маці, якая працавала тэлерэжысёрам, калі ў першы раз паслухала Высоцкага, сказала: «Што ён так хрыпіць?». Яе пакаленне слухала Зыкіну, Магамаева, якія спявалі прыгожымі класічнымі галасамі. Безгалосы спявак – немагчымая рэч была ў той час! Напэўна, так і я зараз…
А што датычыцца натхнення… Я не ведаю такога слова. Пегас з крыльцамі, музы – усё гэта глупства. Калі шмат працуеш, у цябе ёсць вопыт, часам у цябе нібы з’яўляецца такая антэна, праз якую ты атрымліваеш веды з неба ці ад Бога – можна як хочаш называць… Калі гэта называць натхненнем – можа
быць. Гэта ёсць, але не заўсёды. Іншы раз бачыш сваю працу і думаеш аб тым, што ты не мог так здорава зрабіць… Пэўна, табе дапамаглі.
– Як вы адносіцеся да сучаснага тэатра? Да так званых тэатральных эксперыментаў, інтэрактыўных спектакляў, якіх зараз так многа на фестывалях? Гэта тэатр або ўжо пародыя на яго?
– Як Мао Цзэдун казаў: «Няхай квітнеюць усе кветкі». Хай існуе любое мастацтва. Абмежаванняў ніякіх няма. Толькі менавіта для мяне тэатр – гэта тое, што цябе хвалюе, ад чаго ты плачаш ці смяешся, пакутуеш. Тое, што прымусіць цябе напісаць сваёй маці, якую некалькі гадоў не бачыў, або пашкадаваць бацьку, які, можа, у дзяцінстве цябе трохі біў рэменем, але, нарэшце, ён нядрэнны чалавек…
Я заўсёды казаў сваім вучням, маладым рэжысёрам: «Што вы ненавідзіце, я цудоўна разумею. А цяпер пакажыце мне, што вы любіце…». Навошта паказваць свае комплексы, раздражненне на сцэне? Навошта гледачу, які заплаціў грошы за квіток, гэта бачыць? Калі ў вас праблемы, схадзіце лепш да псіхааналітыка ці займіцеся ёгай…
Чаму іншы раз баюся хадзіць на спектаклі калег – не люблю, калі са сцэны гадзяць у душу… Навошта я павінен гэтую брудную энергію пускаць у сваё сэрца? Я проста ўстаю і сыходжу, таму што не хачу марнаваць час на тое, што не вызывае пачуццяў.
На жаль, многія сучасныя эксперыменты – гэта проста тусоўка. Вельмі важна, што рэжысёр хоча данесці да гледача. Калі ты нічога не хочаш сказаць людзям, чаго ты ўвогуле вырашыў, што можаш размаўляць з гледачом? Ідзі і размаўляй сам з сабой у кутку.
– У адным інтэрв’ю вы гаварылі, што ніколі не хацелі быць кіраўніком. Гэта праўда?
– Гэта так. Мне і ў Маскве прапаноўвалі кіраўніцкую пасаду. Але я адмовіўся. Я быў свабодным рэжысёрам, ездзіў па розных тэатрах Беларусі, Расіі. Мне падабалася, таму што гэта свабода, безадказнасць... Але аднойчы і гэта надакучыла. Калі ў цябе ёсць сям’я, а цябе няма дома месяц, два, тры…хіба ж гэта нармальна?
Да таго ж аднойчы надыходзіць момант, калі ты ведаеш, як і што трэба рабіць, ведаеш, што можаш зрабіць нешта добра. Зараз я сам вырашаю, над чым працаваць.
Так, кіраўніцтва – цяжкі хлеб. У нашым тэатры працуе каля 300 чалавек, і прыкладна 280 спектакляў у год мы павінны адыграць. Гэта канвеер. І трэба яшчэ разумець, што тут працуюць творчыя людзі і нікога не прымусіш штосьці зрабіць, трэба дамаўляцца, зацікаўліваць… Не ведаю, на колькі яшчэ мяне хопіць. Можа, аднойчы надакучыць, і я паеду ў сваю вёску, буду глядзець на тое, як мае ружы квітнеюць…
– Вы любіце адпачываць у вёсцы? Разам з сям’ёй?
– За сваё жыццё я шмат дзе бываў. Архітэктура мяне не хвалюе. Больш люблю прыроду. У мяне домік ва Ушацкім раёне, вакол – пяць азёр… Вельмі прыгожае месца! Калі выпадае адпачынак, едзем туды разам з сям’ёй.
Мая жонка Таццяна не мае дачынення да тэатра. І дзякуй Богу! Калі б яна была актрысай, я б павесіўся! (Смяецца). Таццяна працуе з дзецьмі-аўтыстамі. Яна вельмі інтэлігентны, начытаны чалавек. Іншы раз яна мой самы строгі крытык… Мы шчасліва жывём з ёй амаль 20 гадоў. Я вельмі люблю яе, у мяне цудоўная сям’я – Бог паслаў…