Погода, Беларусь
Главная Написать письмо Карта сайта
На заметку потребителю
>>>
Специальный проект
>>>
Люди в белых халатах
>>>



Культура

№52 от 28 декабря 2017 года

Каляды: перапляценне традыцый
Каляды: перапляценне традыцый

За што вы любіце зіму? Можа, за пухнаты снег ці моцны марозік? Або за чараду вясёлых святаў? У любым выпадку, перапляценне славянскай паганскай міфалогіі і хрысціянскіх традыцый ператварылі гэты час у адну добрую казку. Карэспандэнт газеты «7 дней» вырашыла даведацца, якія ж народныя традыцыі ёсць у святкаванні Калядаў і як да іх ставіцца Беларуская праваслаўная і каталіцкая царква? Пазнаёміць нас з народнымі традыцыямі пагадзілася жыхарка вёскі Мамойкі Віцебскай вобласці Любоў Воранава.

– Давайце пачнем з таго, што ж такое Калядкі? У нашым народным разуменні – гэта абрадавыя песні, якія спяваюць у калядныя дні, у тым ліку і ў ноч перад Калядамі. Гэта песні з пажаданнямі здароўя, шчасця, багацця, добрага ўраджаю. А таксама старадаўняя народная традыцыя, якая асабліва была распаўсюджана ў вёсках і сёлах, – сказала яна.

Трэба адзначыць, што першапачаткова традыцыя была звязана з паганскімі багамі. Раней калядаваць хадзілі ў дзень зімовага сонцастаяння. Калядоўшчыкі хадзілі па вуліцах, спявалі абрадавыя песні і абвяшчалі ўсіх аб нараджэнні Сонца. Пазней, з пранікненнем хрысціянства, калядаванне было прымеркавана да Божага Нараджэння. Так, у Калядках з’явіліся біблейскія матывы, а людзі сталі славіць нараджэнне Хрыста, а таксама праслаўляць усіх удзельнікаў гэтай Вялікай ночы. «У іх спяваецца пра тое, як нябесны анёл з’явіўся пастухам, каб распавесці пра нараджэнне сына Божага. Здзіўленыя пастухі вярнуліся ў батлейку і ўбачылі ў яслях свячэнне, якое зыходзіла ад нованароджанага немаўля. У гэты час у небе загарэлася яркая зорка. Так вешчуны даведаліся пра Вялікі цуд. Яны прыйшлі з багатымі дарамі пакланіцца Панне Марыі і маленькаму Ісусу. З тых часоў кожны год у ноч перад Калядамі ярка свеціць зорка, нагадваючы свету пра вялікае хрысціянскае свята», – патлумачыла Любоў Сцяпанаўна.

На Каляды хадзілі, а ў некаторых рэгіёнах і па гэты дзень працягваюць хадзіць калядоўшчыкі, пераапранутыя рознымі татэмнымі жывёламі і птушкамі – казой, мядзведзем, ваўком, буслом з абавязковым атрыбутам – сімвалам Віфлеемскай зоркі. «Адбываецца калядаванне звычайна так. Пад вечар людзі збіраюцца ў асобныя групы і ідуць па вуліцах з песнямі, жартамі і зоркай на доўгай палцы. Рабілі зорку звычайна васьміканцовай, з паперы, размаляванай фарбамі і асветленай свечкай, якую ставілі ўнутр. Адзін з калядоўшчыкаў нясе мяшок для дароў. Пераапранутыя людзі падыходзяць да вокнаў цi да ўваходных дзвярэй або (з дазволу гаспадароў) прама ў дом і спяваюць спецыяльныя песні-калядкі. Гаспадары слухаюць песні, выносяць калядоўшчыкам падрыхтаваныя загадзя пачастункі.  Заканчваецца ўсё дружным катаннем на санках з горак або гульнямі ў снежкі. Калі такім чынам калядаваць, то гэта будзе весела, радасна і стане прыемным і цёплым успамінам для дзяцей і падлеткаў», – паведаміла наша суразмоўніца.

У завяршэнне гутаркі Любоў Воранава падкрэсліла, што, на яе думку, яшчэ шмат дзесяцігоддзяў назад царкоўныя і народныя традыцыі перапляліся. Так, песні-калядкі славяць Бога, у іх гучаць пажаданні дабра, багацця, а таксама яны заклікаюць нас жыць мірна.

З тым, што народныя і хрысціянскія традыцыі ў святкаванні Калядаў цесна пераплецены, згодны і святары.

– Сама назва Каляда, безумоўна, старажытная і мае язычніцкае паходжанне. Але ў хрысціянскія часы яна была пераасэнсавана. Па-першае, трэба вызначыцца с тэрміналогіей. Каляды – гэта больш паганскі тэрмін, а мы святкуем менавіта нараджэнне Хрыстовае. Таму калі  кажам «З Калядамі», то маем на ўвазе свята Нараджэння Ісуса Хрыста. Проста так склалася, што Нараджэнне Хрыстова супадае з паганскім святам Калядаў. Таму ў сумленні народа адбылася такая падмена. Зараз ніхто не задумваецца аб гэтым. Але некаторыя элементы засталіся, праўда, яны ўжо хрысціянскія. І сёння калядаваннем мы называем такі абрад, які захаваўся ў асноўным на вёсцы, але і ў гарадах таксама сустракаецца – моладзь і дзеці ходзяць па хатах, спяваюць песні, якія ўслаўляюць Хрыста, і  за гэта атрымліваюць нейкія салодкія падарункі. Так ёсць, гэта прынята людзьмі і існуе. Зараз, калі мы, хрысціяне, кажам «Каляды», то не маем на ўвазе якія-небудзь паганскія вызначэнні і можам так называць спеў у гонар Хрыста. Мне здаецца, што нічога крамольнага ў гэтым няма», – адзначыў кіраўнік інфармацыйнага аддзела Мінскай епархіі БПЦ айцец Яўген Грамыка.

– Калядаванне, калядоўшчыкі – гэта традыцыя народная, распаўсюджаная ў вясковай мясцовасці, дзе людзі жылі адзін каля аднаго, ведалі і наведвалі сваіх суседзяў. Сама па сабе урбанізацыя выціскае гэту традыцыю ў тым фармаце, ў якім яна была. Цяпер часцей мы ўжо не ведаем, хто жыве на дзесятым паверсе, калі я жыву на першым. Таму гэтай традыцыі ўжо амаль няма. Але ў касцёлах мы часта чуем у аб’явах на мяжы аднаго года і другога, што ксёндз прыйдзе па Калядзе. Так мы называем душпастырскія візіты. Святар хоча пазнаёміцца са сваімі вернікамі, наведаць іх, нешта падказаць. І мы называем гэта Калядой. Таксама ў нейкім сэнсе тут ёсць пераемнасць з той народной традыцыяй, калі людзі хадзілі па дамах. Але я не магу сказаць, што Каляда – гэта добра ці дрэнна. Калі гэта праяўленне нашай нацыянальнай свядомасці і не нясе чужога нашаму хрысціянскаму духу – добра. Тады так, такi абрад можа існаваць як частка нашай спадчыны і культуры, – выказаў меркаванне кіраўнік інфармацыйнай службы пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі  ксёндз Кірыл Бардонаў.



Всего 0 комментария:


Еще
В рубрике
От автора


Желание написать книгу время от времени посещает многих. Вот только авторами становятся далеко не все. Вместе с писателем Алексеем Горбуновым разбираемся в том, легко ли создать шедевр, существует ли формула бестселлера, чему учат на «писательских курсах» и к какой оборотной стороне славы нужно быть готовым.

«Ганди молчал по субботам» – модная постановка, репетиция которой заканчивается на сцене Гомельского областного драматического театра. С его художественным руководителем Сергеем Лагутенко мы говорим о том, за чем на самом деле зритель ходит на спектакли, есть ли конкуренция у театров и обижаются ли актеры, если им не досталась главная роль.

Волшебный мюзикл, народное шоу, битва за титул «Властелин села» и другие причины отправиться в эти выходные на Купалье в Александрию.

В Национальном историческом музее открылась экспозиция «Друкарскі двор XVI стагоддзя», посвященная Международному дню музеев. Посетители смогут не только увидеть печатный станок, но и воссоздать на нем первую страницу Библии Франциска Скорины, а также сделать бумагу по старинной технологии. Корреспонденты «7 дней» одними из первых ознакомились с уникальными артефактами.