Ці задумваліся вы, калі ж адбываецца фарміраванне чалавека як асобы? Правільны адказ – у першыя гады вучобы ў школе. А зараз уявіце: якая адказнасць ляжыць на настаўніках,
а таксама на аўтарах вучэбных дапаможнікаў?
Менавіта яны становяцца той ніткай, якая звязвае вучняў са светам і будучыняй. Вядома, каб адпавядаць сучасным рэаліям, метады выкладання і самі падручнікі павінны мяняцца, удасканальвацца. Карэспандэнт «7 дней» пагутарыла з аўтарам вучэбных дапаможнікаў «Літаратурнае чытанне» для 2-га класа школ з беларускай мовай навучання, 3-га і 4-га класаў, дырэктарам сярэдняй школы №1 горада Бярозы Брэсцкай вобласці Мікалаем Жуковічам.
– Мікалай Васільевіч, чаму вы вырашылі стаць настаўнікам?
– Наша хата знаходзілася насупраць звычайнай пачатковай школы. Памятаю, калі малым прачынаўся ранкам, то першым месцам, куды адразу бег, быў школьны плот. Я ўстаўляў нос у дзірачку і назіраў, як там дзеці займаюцца на ўроку фізкультуры... Ведаеце, мне дужа хацелася пакамандаваць тымі дзецьмі. Заўважце, не пабыць удзельнікам-школьнікам, а менавiта пакамандаваць. Ну вось і камандую ўсё жыццё. Яшчэ ў сёмым класе мне дужа спадабалася апавяданне Кузьмы Чорнага «Вялікае сэрца», а яшчэ большы накірунак да педагагічнай прафесіі дала аповесць Васіля Быкава «Абеліск», дзе галоўным героем з’яўляецца настаўнік Алесь Іванавіч Мароз. Гэты твор дужа ўскалыхнуў маё сэрца, і я цвёрда вырашыў, што буду толькі настаўнікам. Паспяхова паступіў у Брэсцкі педінстытут. І не пашкадаваў.
– Ведаю, што дырэктарам вы сталі досыць рана: у 30 гадоў. Як гэта сталася?
– Справа ў тым, калі адбыўся развал Савецкага Саюза і ў дзяржаве пачалі думаць аб нацыянальных асаблівасцях нашай краіны, каб яна нечым вызначалася, то адна з ўмоў была, што дырэктарамі павінны быць не толькі людзі, якія жывуць у Беларусі, а яшчэ каб яны добра валодалі мовай, каб працэс беларусізацыі ішоў лягчэй. Вось такім чынам мне як творчаму настаўніку беларускай мовы і літаратуры аддзел адукацыі і прапанаваў гэтую пасаду пасля 9 гадоў працы ў школе. Ды і я ўжо быў настаўнікам вышэйшай катэгорыі ў 30 гадоў. І вось ужо 23 гады я на дырэктарскім месцы.
– Мікалай Васільевіч, раскажыце, як праходзіў адбор аўтараў для навучальных дапаможнікаў? І як вы вырашылі прыняць у ім удзел?
– Аднойчы з нашага Брэсцкага інстытута развіцця адукацыі даслалі пісьмо на электронную скрыню. Гэта было запрашэнне паўдзельнічаць у конкурсе вучэбных дапаможнікаў. А ў мяне даўно такая ідэя выспявала. Бо я заўсёды крытычна стаўлюся да дапаможнікаў, заўсёды думаю: вось я б гэта зрабіў так, а гэта інакш. Спачатку паспрабаваў стаць аўтарам дапаможніка «Мастацтва» для пятага класа. Тады так адбылося, што новы школьны прадмет толькі ўвялі, а дапаможніка яшчэ не было. Я напісаў адзін раздзел, уставіў карцінкі, прыгожа аформіў. З гэтым усім мне дапамаглі настаўнікі маёй школы. Адправілі мы гэтую працу. Трэба сказаць, што было 7 праектаў, і мая праца не перамагла. Я, канешне, пашкадаваў, але прайшоў час, і я зразумеў, што першая няўдалая спроба пазней стала школай таго, як ствараць праекты. І вось аб’явілі новы праект для другога класа беларускамоўнай і рускамоўнай школы. Я падумаў: так, для рускамоўнай школы людзей напіша шмат, а хто напіша вясковым дзеткам? І сапраўды, я быў адзіным прэтэндэнтам на гэты дапаможнік. Тады яшчэ было правіла, што калі праект адзін, але праца цікавая, то можна стаць аўтарам дапаможніка. Потым гэтае правіла змянілася. Вось так лёгка мой праект заняў першае месца... І вось ужо паўтара года як я з’яўляюся аўтарам дапаможніка для 2-га класа.
– У якасці аўтара для 3-га і 4-га класа ў вас таксама не было канкурэнтаў?
– Калі браць трэці клас, то там было больш складана. Але я ўжо меў невялікі вопыт. Нас было 4 канкурэнты. Але мой праект «зачапіў» членаў журы, і яны прагаласавалі менавіта за яго. Для чацвёртага класа ствараць было яшчэ лягчэй. Праўда, члены журы прапанавалі мне зрабіць вучэбны дапаможнік з уключэннем у яго пытанняў і заданняў пад новую еўрапейскую сістэму – сістэму праверкі навыкаў чытання PISA. Вызначаецца яна пастаноўкай перад вучнямі нестандартных пытанняў і заданняў, якіх раней не было ў беларускай дыдактыцы.
Я папрацаваў, вывучыў адпаведную літаратуру. На днях зацвердзілі спіс твораў для вучэбнай праграмы для 4-га класа. Чакаю вынікаў абмеркавання праекта. Калі дакумент будзе зацверджаны, то ўжо пачну пісаць летам, падчас водпуску, новы дапаможнік літаратурнага чытання.
– Чаго не хапала ў мінулых дапаможніках?
– Калі я паглядзеў дапаможнікі, па якіх раней выкладалі беларускае чытанне, то адразу заўважыў вузкую разнастайнасць тэм. Звычайна ў другім, трэцім і чацвёртым класах дзеці вывучалі каля пяцi тэм: восень, зіма, вясна, лета і Радзіма. І ўсё. Я прапанаваў аўтарам вучэбнай праграмы трошкі пашырыць тэматыку: напрыклад, у трэці клас уведзены дзве мае тэмы, якія «прайшлі» вельмі хораша, – гэта тэмы спорту і прафесій. Я вярнуў у падручнікі творы мастацтва. Стараўся, каб яны былі сугучныя з беларускімі вершамі ці апавяданнямі. Рубрыка «Давайце абмяркуем тэму разам» дазваляе папрацаваць па рэпрадукцыях карцін сусветнавядомых мастакоў і праз гутаркі па жывапісе далучыць маленькіх грамадзян да свету прыгажосцi мастацтва, паспрыяць выхаванню ў іх мастацкага густу і нацыянальнай самасвядомасці.
– У 2016/2017 навучальным годзе другакласнікі беларускамоўных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі пачалі вучыцца па новым вучэбным дапаможніку «Літаратурнае чытанне». З чым настаўнікі і вучні ўпершыню сустрэліся ў падручніку?
– Настаўнікі і другакласнікі ўпершыню сустрэлі ў падручніку некаторыя інавацыйныя асаблівасцi, сярод якіх – наяўнасць старонкі-навігатара. Яе з’яўленне звязана з жаданнем адзначыць і канкрэтызаваць асноўныя абавязковыя праграмныя патрабаванні да вынікаў вучэбнай дзейнасці: вучні «павінны ведаць і разумець», а таксама «ўмець». Раней тлумачэнне невядомых дзецям слоў традыцыйна знаходзілася пасля твора. У дадзеным вучэбным дапаможніку рубрыка «Слоўнік» размяшчаецца перад тэкстам, бо ўяўляецца мэтазгодным спачатку падрыхтаваць юнага чытача да ўспрымання верша, апавядання ці казкі, а ўжо потым пераходзіць да знаёмства з творам і аналізу яго зместу. Размяшчэнне на зялёных плашках пазнавальна-выхаваўчага матэрыялу (рубрыка «Звярніце ўвагу») таксама адносіцца да новых набыткаў дапаможніка па літаратурным чытанні. Вучням будзе цікава даведацца, напрыклад, што верш Янкі Купалы «Хлопчык і лётчык» стаў любімым творам першага ў свеце касманаўта Юрыя Гагарына і дапамог яму палюбіць неба і стаць лётчыкам. З мэтай развіцця вуснага маўлення дзяцей у дапаможніку прапануюцца разнастайныя заданні для парнай або групавой работы, змешчаныя пад адпаведнай рубрыкай. Другакласнікі хутчэй і смялей загавораць па-беларуску, калі будуць весці размову не толькі з настаўнікам, але і з равеснікамі. Упершыню ўве-
дзена рубрыка «Пафантазіруйце», якая дае магчымасць прагназаваць змест мастацкага твора і развіваць у навучэнцаў літаратурна-творчыя здольнасці. Гэта некаторыя з асноўных момантаў.
– Якая асноўная мэта вашай працы?
– Мне дужа хочацца, каб прадмет беларускай літаратуры і мовы заняў у краіне належнае і дастойнае месца. Я даўно пераканаўся: калі беларусы пачнуць адчуваць сябе беларусамі на сваёй культуры і мове, тады нас прызнаюць і іншыя народы. Па нашай культуры ўжо прызнаюць. Возьмем, да пракладу, апошняе Еўрабачанне. Упершыню мы заспявалі па-беларуску. І нас прынялі.
– Мікалай Васільевіч, падзяліцеся планамі на будучыню ў навуковым і асабicтым плане?
– Калі браць у навуковым накірунку, то, вядома, зрабіць дапаможнік для 4-га класа такім, каб ён не быў падобны на другі і трэці. Дзесьці з еўрапейскім падыходам. Асабліва ў дызайнерскім плане. Падручнік павінен быць больш сучасным. Выдам такую тайну, што апошні мой праект для 4-га класа выглядае як дапаможнік у форме папяровага планшэта. І членам журы гэтая ідэя дужа спадабалася. Думаю, што ўсё у нас атрымаецца. І, як я ўжо гаварыў, дапаможнік будзе распрацаваны з элементамі сістэмы PISA, каб нашы вучні былі гатовы да яе. Бо гэта сістэма патроху «прасоўваецца» ў нашай краіне.
...А калі браць асабicты план, то мы чакаем унука або ўнучку. І я ўжо як дзед ведаю, што па маім дапаможніку будзе вучыцца мой нашчадак. Гэта будзе вельмі ганарова і прыемна.