Няма на свеце больш любага месца, чым тое, дзе ты нарадзіўся, правёў сваё дзяцінства і з якім звязаны самыя яскравыя ўспаміны. Маім улюбёным месцам з’яўляецца вёсачка на ўскрайку Мінска з прыгожай назвай Каралішчавічы. Для мяне яна -- мая невялічкая Беларусь, там знаходзяцца мае думкі. Каралішчавічы маюць найцікавейшую гісторыю, якую я чула ад сваіх бацькоў, якую чытала ў нататках і якой зараз падзялюся з вамі.
Упершыню Каралішчавічы можна знайсці на мапе Вялікага Княства Літоўскага 1562 года. Калі верыць легендам, назва ўзнікла ад жаночага імені Караліна ці мужчынскага -- Караль, якія, верагодна, і былі заснавальнікамі Каралішчавіч. А якія заможныя гаспадары тут жылі: і Друцка-Горскія, і Пшаздзецкія, але ж самымі легендарнымі былі Прушынскія, якія набылі Каралішчавічы ў XVIII стагоддзі! Менавіта пры іх і пачаўся росквіт вёскі. Тут была пабудавана сядзіба (на жаль, не захавалася), заснаваны рэгулярны парк і пабудаваны касцёл. Сам Станіслаў Прушынскі прымаў у госці апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага і імператара Паўла Першага, ад якога атрымаў ордэн Святой Ганны.
Яшчэ адной выбітнай асобай роду Прушынскіх лічыцца Ганна Цюндавіцкая — аўтарка «Літоўскай гаспадыні», якая была ўпершыню выдадзена ў 1848 годзе ў Вільні і пасля перавыдавалася ананімна ажно пяць разоў. Толькі ў канцы ХХ стагоддзя тайна аўтарства была адкрыта. Тады даведаліся, што аўтарам была жанчына, якая збірала па крупінках матэрыял для кнігі і парады якой застаюцца актуальнымі і па сённяшні дзень.
Час накладаў адбітак на Каралішчавічы, і паступова замест касцёла, ў якім ў маленстве граў Станіслаў Манюшка, з’явіцца клуб, сядзіба Прушынскіх загіне падчас пажару ў 1989 годзе. Адзіным успамінам будуць рэшткі стайні, на якой знаходзіцца шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Таксама Каралішчавічы вядомы літаратурнай спадчынай. Каля 30 гадоў дзейнічаў Дом творчасці пісьменнікаў, дзе Якуб Колас напісаў знакаміты твор «На ростанях». Маім земляком быў знакаміты беларускі пісьменнік Язэп Пушча. Чалавек, які любіў сваю радзіму і ўсхваляў яе ў сваіх творах. Таму свой аповед я і заканчваю яго словамі:
Хачу ў санетах выткаць родныя узоры:
Крынічаньку, што рэчанькай у свет бяжыць.
Вякі мінуць, а я хачу у песні жыць,
Пакуль у небе не пагаснуць сонца, зоры.
Я прыпадаю да тваіх, зямля, грудзей
I прагна сок твой п’ю і веру у бяссмерце,
I б’ецца пульс і абуджае спеў у сэрцы.
Таццяна ГАЙДУК, настаўніца гісторыі гімназіі № 50 г.Мінска