Беларусь… Як шмат сэнсу ўкладзена ў гэта маленькае і чароўнае слова. Радзіму не выбіраюць. Ды і калі б была ў мяне такая магчымасць, я б нічога не стала мяняць. Мая Радзіма…Такая прыгожая і незабыўная. Твая Радзіма … Такая родная і блізкая. Наша Радзіма… Такая чыстая і светлая.
З самага дзяцінства ў кожнага чалавека ёсць дзве радзімы. Гэта краіна, у якой ты нарадзіўся, і тое месца, дзе зрабіў першы нясмелы крок. І гэтыя два паняцці Радзімы не могуць існаваць асобна. Яны — адно цэлае.
Сярод прастораў Беларусі згубілася мая маленькая Радзіма, мая родная і блізкая сэрцу вёсачка. Тут жывуць і працуюць выдатныя людзі, мае землякі. Шмат гадоў яны шчыруюць на зямлі, вырошчваюць хлеб. Жывуць адным жыццём са сваёю краінай, адной сям’ёю. У гэтай вёсачцы нарадзілася і я, зрабіла свае першыя крокі. Тут — мае родныя і сябры.
У нас няма нічога незвычайнага. Мы не надзелены нейкімі чароўнымі здольнасцямі. Аднак у нас ёсць тое, чаго няма ў жыхара вялікага горада. «Што гэта?» — спытаеце вы. «Не, гэта не срэбра і не золата, — адкажу вам я. — Гэта найкаштоўнейшы дар беларускай зямлі. І завецца ён проста — прырода».
Прырода ў нашых мясцінах нават умее размаўляць. Вам даводзілася калі-небудзь апынуцца на ўскрайку невялікага лесу, які беражліва ахоўвае вёску ад вятроў? Дрэвы там калісьці перамяшаліся з яблынямі, з вішняй і малінаю з закінутага сада. Усе разам яны ўтварылі нейкі невялічкі цудоўны жывапісны куточак, дзе спакойна на сэрцы, дзе нават дыхаецца лягчэй. У такія хвіліны я і адчуваю багацце нашай зямлі, якое нельга вымяраць грашыма.
Асабліва прыгожа тут ранняй восенню. У якія цудоўныя колеры размалёўвае яна маю родную вёску! Залатыя, чырвоныя, жоўтыя лісты пераліваюцца на сонцы. І над усёй гэтай пышнай прыгажосцю незвычайна сіняе неба. Сіняе чыстае неба над нашай сінявокай краінай.
І маё сэрца ўмее любіць свой родны край, сваю Радзіму, таму што яна захоўвае вялікія скарбы нашай гісторыі. Яны і ў прыродзе, і ў будынках, і ў успамінах, у казках, песнях, танцах, у роднай мове, ды проста ў поглядзе беларускага чалавека. Усё гэта неабходна захоўваць і перадаваць сваім нашчадкам.
Беларусь – гэта часцінка майго сэрца, часцінка майго жыццця. І куды б мяне ні закінула жыццё, я заўсёды буду помніць сцежку да роднай хаты, дзе жывуць і б’юцца сэрцы маіх бацькоў, а значыць — і маё сэрца.
Алена АЛЬШЭЎСКАЯ, настаўнік нямецкай мовы ДУА «Хараўская сярэдняя школа», аграгарадок Харава Пружанскага раёна