З малых гадоў чалавек вучыцца любіць і ганарыцца Радзімай, якой бы яна ні была. Вучыцца шанаваць яе мінуўшчыну і традыцыі. Спазнаваючы свет, дзіця далучаецца да рэлігіі і культуры сваёй сям’і і дзяржавы. У гэтым узросце нараджаецца пачуццё патрыятызму.
Любоў да Бацькаўшчыны пачынаецца з сям’і. Калі існуе любоў і лад у сям’і, то ўсё гэта адаб’ецца на характары асобы. Любоў да Радзімы пачынаецца з любові да бацькоў. Шануючы сваіх родных, чалавек будзе таксама цаніць і сваю родную краіну.
Другое, з чаго пачынаецца Радзіма, — гэта павага да памяці продкаў. Кожны чалавек павінен ведаць гісторыю той зямлі, дзе ён нарадзіўся і вырас, павінен мець пачуццё нацыянальнай годнасці. А гонар, у сваю чаргу, мацнее ад назапашвання ведаў пра самыя цікавыя і адметныя звесткі з гісторыі роднага куточка: якой была мясцовасць у даўнейшыя часы, адкуль паходзіць назва, якія цікавыя людзі жылі і якімі сваімі справамі, здольнасцямі запомніліся ў народзе. І толькі так узнікае любоў да Радзімы, вялікі гонар за яе дасягненні, імкненне зрабіць свой уклад у агульную справу.
Любоў да Радзімы — гэта не абстрактнае, а рэальнае пачуццё, якое кожны чалавек можа выказаць у штодзённым жыцці шчырымі словамі, карыснымі справамі, светлымі думкамі. Жывём мы на гэтай чароўнай зямлі і ў штодзённай мітусні не заўважаем яе хараства, прывыкаем да ўсёй гэтай прыгажосці. І па-сапраўднаму адчуваем Радзіму толькі ўдалечыні ад яе. Як хочацца тады пачуць гучанне роднай мовы, убачыць роднае неба, удыхнуць роднага паветра.
Аляксандр Цітоў, ДУА «Сярэдняя школа № 23 г. Магілёва»