— Убачыш, Наташа, як гэта цікава, калі людзі адкрываюць перад табой таямнічку нечага нязведанага, вядомага толькі ім адным, – настаўляла мяне Вольга.
Вядома ж, я змагла толькі закаціць вочы і прабурчаць, што вельмі «цікава» буду бавіць час у гэтай бабулі. Тады я не зразумела глыбіні слоў старэйшай сястры.
Ісці да Валянціны Антонаўны неабходна было хвілін дваццаць, бо яна жыла ў другім канцы вескі. Ужо падыходзячы да яе хаты, адчула нейкую незразумелую трывогу. Убачыўшы Валянціну Антонаўну – невялічкую бабулю ў яркай хустцы з пяшчотнай усмешкай на твары, зразумела, што баяцца няма чаго: яна суст-рэла нас цепла, як сваіх уначак.
Вольга адразу ж бойка пачала задаваць пытанні Валянціне Антонаўне: ці ведае яна мясцовыя легенды, паданні, песні? На што ў рухавай бабулі заплясаў шпаркі агеньчык у вачах. Мне здалося, што яна толькі і чакала гэтага моманту. Мае спадзяванні спраўдзіліся, і Валянціна Антонаўна пачала свой аповед.
— Дзяўчаткі, вы яшчэ маладзенькія і погляды ў вас на жыцце не такія, як у мяне — старой жанчыны, якая дажывае свой век. Але мне хочацца расказаць вам пра нашу веску Морына. Вы, мажліва, і не задумваліся чаму яна атрымала такую назву? – адразу ж перайшла ў наступленне Валянціна Антонаўна.
Мы з Вольгай адмоўна закачалі галовамі. На самай справе, я ніколі і не задумвалася над гэтым пытаннем.
— Ну, Морына, дык яна і з пакон вякоў была Морынам, – проста, зусім па-дзіцячы адказала я.
— Не, маленькая! З назвай нашай вескі звязана шмат легенд. Самыя яскравыя з іх я вам раскажу. Калісьці ў нашай весцы жылі паны Брухоцкія. Вядома, што яны былі заможнымі людзьмі і жылі ў палацы. У іх была дачка Мора. Нягледзячы на тое што яна была паненкай, Мора не дзяліла людзей на багатых і бедных. Для яе ўсе былі аднолькавыя і яна не саромелася сябраваць з сялянамі, дапамагаць хворым. Але аднойчы яна цяжка захварэла і ў хуткім часе памерла. Усе жыхары прапанавалі назваць у гонар добрай сэрцам паненкі Моры веску. Адсюль і пайшла назва Морына, — на адным дыханні расказвала Валянціна Антонаўна. — А ці ведаеце вы, што і наша рака Неман унесла свой уклад у стварэнне назвы вескі? — хітравата запытала яна.
Вольга толькі ўскінула бровы, а я села бліжэй да Валянціны Антонаўны на лаву. Бабуля і сапраўды вельмі цікава апавядала. Здаецца, слухаў бы яе і слухаў.
— Раней людзі карміліся дзякуючы Неману. Не лоўляй рыбы, як вы, мажліва, памылкова падумалі – яны сплаўлялі дубы па рацэ, – цярпліва тлумачыла нам Валянціна Антонаўна.
— І як гэта звязана з назвай нашай вескі? – неразумеючы запытала Вольга.
— Непасрэдна, – усміхаючыся, адказала Валянціна Антонаўна. – Мужчыны сплаўлялі дубы — марылі іх у вадзе. Эх, шмат вы, дзяўчаткі, не ведаеце. Праўду кажуць, моладзь цяпер не тая, нічым не цікавіцца. Вось так і нашчадкам не змогуць нічога распавесці, бо не ведаюць сваіх каранеў, сваей Беларусі...
У той дзень Валянціна Антонаўна расказвала шмат цікавага і часам неверагоднага. Мне здавалася, што гэтая бабуля – крыніца векавых ведаў. Я не памятаю, як мы з Вольгай вярнуліся дахаты, але ўвесь час у мяне ў галаве віхрам круціліся словы Валянціны Антонаўны. Нават і цяпер, праз дзесяць гадоў пасля нашай сустрэчы, ўсе яскрава памятаю, нібыта гэта адбывалася толькі ўчора. І зноў у маей галаве ўсплываюць словы Валянціны Антонаўны, якія з’яўляюцца свайго роду запаветам для нас, маладых: заўседы неабходна ведаць свае карані, сваю Беларусь…
Наталля БАЗЫК, настаўніца англійскай мовы ДУА «ВПК Іўеўскі яслі-сад-пачатковая школа»