Менавіта такія пачуцці выклікае ў мяне мая вёска. Гэта і замяшанне, і захапленне, і радасць, пераплеценая з пяшчотай. Я люблю гэтыя ціхія, галінастыя вулачкі, маленькія хаткі-старажылы. Мне здаецца, што толькі ў гэтым дзіўным кутку нашай вялізнай краіны такое крышталёва чыстае паветра, такая празрыстая раса, такое багацце кветак. Мая вёска выдатная заўсёды!
Яна, мая вёска, быццам мае нейкую ўладу над душамі людзей. Яна, мая вёска, загадкавая і таямнічая, багатая на традыцыі, на незвычайныя гісторыі.
Але хто здолее пераказаць нам твае казкі, традыцыі і абрады, Аброва?
Шмат цікавых легенд я чула ад сваёй прабабулі. І адна з такіх мяне вельмі ўразіла – легенда пра свята Намскі Вялікдзень.
Намскі Вялікдзень святукецца ў чацвер пасля Вялікадня. Намскі – значыць, намі заложаны, нам дадзены. Гэта свята амаль такое ж вялікае, як і сам Вялікдзень. Яно адзначаецца не ў кожнай вёсцы. А ў Аброве святкуецца ўжо амаль сто гадоў – прыкладна з 20-х гадоў ХХ стагоддзя.
Гэта свята залажылі жыхары нашай вёскі.
На вёску звалілася вялікае гора: сталі паміраць дзеці. Дарослыя хварэлі і паміралі мала, а дзяцей хавалі ці не штодня. Людзі не ведалі, што рабіць, не дапамагалі ні дактары, ні зёлкі, ні бабкі-шаптухі. І тады старыя людзі далі параду, каб сабраліся ўсе жанчыны з вёскі разам на адну ноч. За гэту ноч ім трэба было напрасці нітак, насукаць іх і з гэтых нітак саткаць ручнік. А мужчынам за гэту ноч трэба было зрабіць невялічкую хатку, каб можна было насіць яе чатыром мужчынам. У гэту хатку трэба было паставіць абраз Божай Маці, абкруціць хатку сатканым за ноч ручніком і да ўсходу сонца абысці ўсю вёску па крузе, не мінаючы ні адной хаты, ні аднаго двара.
Вяскоўцы пастараліся і зрабілі ўсё, пра што ім гаварылі старыя, за адну ноч, да ўсходу сонца. І бяда адступіла – перасталі паміраць дзеці. А аброўцы ў гонар таго дня залажылі свята, каб і далей міналі вёску розныя беды. Свята гэтае пачалі святкаваць у чацвер пасля Вялікадня і назвалі яго Намскі Вялікдзень.
З таго часу штогод у чацвер пасля Вялікадня па вёсцы ходзіць працэсія. Ідзе так, як ідзе на Вялікадзень: з ліхтаром наперадзе, з хагугвамі і крыжамі, услаўляючы Святое Уваскрэсенне Ісуса Хрыста. З царквы выносяць абраз Божай Маці ў спецыяльнай хатцы. Нясуць гэту хатку чатыры мужчыны, побач з імі ідзе бацюшка, а ззаду ідуць пеўчыя. Працэсія ідзе па сонцу, бацюшка чытае малітву, пеўчыя спяваюць славу Хрысту. Вяскоўцы выносяць на вуліцу сталы, накрываюць іх вышыванымі настольнікамі, на стол кладуць хлеб, звычайна дамашняй выпечкі, фарбаваныя яйкі, ставяць соль. Працэсія падыходзіць да ўсіх, хто стаіць на вуліцы. Бацюшка чытае малітву, і бласлаўляюцца ўсе, хто выйшаў на вуліцу, хто жыве ў гэтым двары.
Думаю, што мая вёска Аброва – адна з лепшых беларускіх вёсак, бо менавіта тут на дахах драўляных дамоў затрымліваюцца прамяні заходзячага сонца. Менавіта ў маю вёску спяшаецца світанак, бо яго так самааддана клічуць пеўні. Толькі тут так бурна кіпіць простае вясковая жыццё. Гэта мая вёска, мой край, мая зямля!
Алеся Шалюціна, настаўнік пачатковых класаў Аброўскай сярэдняй школы, Івацэвіцкі раён