У кожнага з нас ёсць свой родны куток — свая маленькая радзіма. Мая радзіма — гэта вёска Гнезна.
Раскінулася мая прыгожая вёска за некалькі кіламетраў ад горада Ваўкавыска Гродзенскай вобласці. Гісторыя яе ўзнікнення яшчэ добра не вывучана. Але само паходжанне назвы звязваюць з палажэннем аднаго з найстаражытнейшых родавых калектываў — «гнязда», ад якога і пачалося засяленне аколіц. Старыя людзі расказваюць шмат легенд аб паходжанні назвы вёскі. Напрыклад, тое, што першыя жыхары жылі, як птушкі, ў гнёздах.
Вёска прыгожая ў розную часіну года. Але найпрыгажэйшая яна летам. Прыемна ісці полем у яркі сонечны дзень. Звонка заліваюцца жаўрукі, трыскочуць у траве конікі, жужжаць чмялі, клякочуць дзесьці здалёк буслы. На душы становіцца светла, прыемна ад такога прыроднага ансамбля.
Сярод луга ўецца невялікая рэчка Нетупа, вада звонка пераліваецца па каменьчыках. Пры берагах разаслаліся цэлыя зараснікі жоўтых гарлачыкаў. У вадзе яны непаўторна цудоўныя, дзівішся разнастайнасці зямных і водных раслін. За ракою, праз чыгунку, расце велічны лес. Калі надыходзіць вечар, лес пакрываецца ружовымі фарбамі. Узнікае ўражанне казкі.
Яшчэ вёска спалучае ў сабе гісторыю мінулага і сучаснасць, якая праяўляецца ў асаблівасцях архітэктурнага стылю будынкаў, якія нясуць гістарычную і мастацкую каштоўнасць. У ліку іх — касцёл святога Міхаіла (№2), пабудаваны ў стылі позняй готыкі. Лёс храма цесна звязаны з узнікненнем і жыццём вёскі.
Калі дакладна быў пабудаваны касцёл, сказаць вельмі цяжка. Але на адной з цаглін фасада храма і зараз добра відаць выбітыя лічбы 1121, якія, магчыма, з’яўляюцца пазначэннем года пабудовы. Што ж датычыцца іншых сведчанняў, то, як паведамляе «Геаграфічны слоўнік Польскага каралеўства», у другой палове ХIХ ст. за галоўным алтаром храма ляжаў камень з паглыбленнем, які, магчыма, ужываўся язычнікамі для ахвярапрынашэнняў. У той час хрысціянскія храмы даволі часта будаваліся на месцы язычніцкіх святынь. Магло так быць і ў вёсцы Гнезна. Каменны касцёл быў пабудаваны на месцы драўлянага ў 1524 г. на ахвяраванні гаспадара маёнтка Шамятовіча.
Адна з былых жыхарак Гнезна, якая цяпер жыве ў Польшчы, у адным з польскіх часопісаў у артыкуле «Успаміны аб Гнезна» расказала гісторыю заснавання касцёла. Аднойчы пасля цяжкай, крывавай бітвы багаты і знатны шляхціч разам са сваім параненым сынам вяртаўся дадому. Рана сына была і цяжкай, і ў дарозе ён памёр. Пахаваў свайго сына шляхціч на тым месцы, дзе цяпер стаіць касцёл. Пазней вельмі часта наведваў ён магілу свайго сына. І ў рэшце выбудаваў на гэтым месцы драўляны касцёл, які з часам быў зменены мураваным.
Вельмі багатая гісторыя касцёла, якога не абышла бокам ні адна вайна.
Гісторыя нашай вёскі — гэта ўся мясцовасць, тут усё дыхае гісторыяй. У Гнезна быў і панскі маёнтак Тарасовічаў, які спачатку насіў назвы «дворац Гняздо», «Гнезная». Цяпер у галоўным будынку ранейшага маёнтка знаходзіцца сельсавет, дом культуры, сельская бібліятэка, а таксама філіял школы музычнай творчасці.
На ўскрайку лесу стаіць сухі дуб, якому каля 300 гадоў. У свой час на ім з’явілася ікона, а некалькі гадоў таму мясцовыя жыхары паставілі каля яго крыж і сталі называць гэта месца Святым дубам.
Сёння Гнезна — гэта аграгарадок. Ёсць прыгожая двухпавярховая сярэдняя школа. Непадалёку ад касцёла знаходзіцца амбулаторыя.
Ну хіба ж можна не ганарыцца такой вёскай?
У глыбіні сэрца кожны з нас адчувае шчырую любоў да сваёй краіны. Але мне здаецца, што кожнаму з нас бліжэй і даражэй менавіта наша маленькая радзіма — хата нашых бацькоў, бабуль, дзядуль, куды хочацца вяртацца зноў і зноў, куды б ні закінула жыццё.
Гражына Станіслаўчык, педагог дополнительного образования
ГУО «Волковысский районный центр туризма и краеведения детей и молодёжи»