Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, прабабцы споўнілася ўсяго 19 гадоў. Яна адразу пайшла на курсы медсясцёр, а затым трапіла ў франтавы шпіталь, які ішоў адразу за дзеючымі ваеннымі часцямі. Якіх толькі жахаў не ўбачыла яна на гэтым шляху! Адзін з самых страшных успамінаў — абарона Сталінграда. У той час яна была старэйшай аперацыйнай сястрой. Без слёз не магла расказваць, як аперыравалі поўнасцю абпаленых танкістаў, як ампуціравалі ім ногі без усялякага наркозу, даўшы глытнуць крыху спірту і заціснуўшы ім між зубоў што-небудзь цвёрдае. Якія пакуты прыходзілася ім цярпець! І як цяжка было гаварыць знясіленым байцам, што ўсё наладзіцца, што самае страшнае ўжо мінула! А ў перапынках паміж аперацыямі даводзілася разгружаць машыны з соллю, мукой. Нават памыцца не было дзе! Мядсёстры проста ішлі ў лес і абціраліся снегам. А побач, прысыпаныя снегам, ляжалі мёртвыя нямецкія салдаты. Але дзяўчат гэта ўжо не палохала...
У хуткім часе Валянціна Іванаўна захварэла на тыф. Гэта страшная хвароба забрала жыцці многіх яе аднапалчан. Ёй пашчасціла. Яна выжыла і атрымала кароткі адпачынак дадому.
Пасля яе накіравалі ў 5-ю гвардзейскую танкавую армію. У хуткім часе пачалася бітва пад Курскам. Каля трох тысяч хворых было ў шпіталі арміі. І ў гэтых умовах трэба было не толькі аперыраваць, а і падбадзёрваць, уздымаць баявы дух параненых байцоў.
Тут жа прабабка пазнаёмілася са сваім будучым мужам Васілём Міхайлавічам, падпалкоўнікам медыцынскай службы. Ён скончыў у 1938 годзе Ваенна-медыцынскую акадэмію і быў накіраваны на Далёкі Усход начальнікам палітычнага аддзела арміі. Там ён служыў да 1943 года. Затым яго прызначылі начальнікам шпіталя 5-й гвардзейскай танкавай арміі.
Вызваляючы Украіну, армія праходзіла па 40 кіламетраў у дзень. Шпіталь рухаўся за ёй. І гэта ўсё пешшу! Падвозілі толькі тых, хто зусім не мог ісці. Прабабка шмат расказвала пра зверствы бандэраўцаў, пра тое, як яны здзекваліся з людзей, не шкадавалі ні старых, ні малых. За шпіталем заўсёды рухаўся атрад контрразведкі (Смерш). Аднойчы ноччу ён знік. Знявечаныя трупы знайшлі раніцай. Вылюдкі нават цяжарную жанчыну не пашкадавалі. Ва ўсіх на ілбе былі выразаны зоркі. На ўсё жыццё запомніліся гэтыя страшныя акрываўленыя твары.
А далей было вызваленне Малдавіі, Румыніі, Польшчы. Перамогу мае родныя сустрэлі ў Польшчы. У Берлін трапілі ў сярэдзіне мая. Там маю бабулю звёў лёс з маленькім нямецкім хлопчыкам-сіратой. Яна вельмі прывязалася да яго, шкадавала гэтае нявіннае дзіця, вельмі хацела забраць з сабой, але не дазволілі.
Пасля прадзеда назначылі начальнікам Лепельскага ваеннага шпіталя, дзе ён праслужыў да 1952 года. Потым перавялі ў мястэчка Цэль, дзе нарадзілася мая бабуля. А ў 1955 годзе назначылі галоўным урачом у Бабруйскі шпіталь.
У маіх прадзеда і прабабкі шмат ордэнаў і медалёў. І кожны з іх — горкі і цяжкі эпізод іх жыцця. Я лічу, што яны здзейснілі подзвіг. Чатыры гады бачыць бруд, кроў, смерць і пры гэты не ачарсцвець душой, не страціць веру!
Дзень Перамогі, які адзначаецца 9 мая, вельмі шануецца ў нашай сям'і. І хоць няма ўжо побач з намі Васіля Міхайлавіча і Валянціны Іванаўны, але гэта свята заўсёды са слязамі на вачах. Абавязкова перагортваецца стары пажаўцелы альбом з фотаздымкамі ваеннага часу. Матуля выкладвае на сурвэтку дрыготкай рукой баявыя ўзнагароды. З пакалення ў пакаленне мы будзем перадаваць іх як сямейную рэліквію. І я з вялікім гонарам буду расказваць сваім дзецям пра подзвіг маіх родных, каб не толькі мы, а і наступныя пакаленні цанілі тое, што пакінулі нам тыя, хто перамог ворага і захаваў для нас мірнае неба над галавой!
Андрэй КАЗНАЧЭЕЎ, вучань 10 «Б» класа сярэдняй школы № 30 г. Бабруйска