Колы цягніка мерна пастуквалі ў такт думкам Мікалая, зноў прымушаючы хвалявацца. Усё пасляваеннае жыццё ён працаваў на чыгунцы багажным раздатчыкам, але ніяк не мог забыць той дзень, калі яны, юнакі ваеннага артылерыйскага вучылішча, на цягніку ехалі на фронт. І ніяк не змагло яго сэрца прывыкнуць да таго, што ўжо нічога не вернеш…
Здаецца, толькі нядаўна ён бегаў у школу на другі канец сваёй роднай вёсачкі Уварава, што знаходзіцца ў Смаленскай вобласці, марыў паступіць у ваеннае вучылішча…
З самага маленства ён хацеў стаць абаронцам Айчыны. І калі прыйшла вайна, адразу вырашыў для сябе, што будзе змагацца за родную зямлю да апошняй кроплі крыві.
Але, як аказалася, смерць не самае страшнае на вайне. Яго родныя (маці і шэсць братоў ды сясцёр) былі вывезены ў Беларусь. Падчас гэтага пераезду адзін з немцаў упадабаў трохгадовага блакітнавокага браціка Васю. І як ні кідалася маці пад ногі немцу, ён забраў яго з сабою.
І ўсю вайну Мікалай служыў у артылерыйскім войску, прайшоў аж да Берліна Ён заўсёды мяняў табаку на цукар, захоўваючы гэтыя драбнічкі ў сумцы, каб пачаставаць свайго
Васілька.
У вайну Мікалай быў паранены пяць разоў, але кожны раз маліўся (як навучыла бабуля), каб вярнуцца да родных, абняць і пацалаваць.
А калі ў сорак пятым годзе падчас бою на станцыі Альт-Нейланд пачуў ад камандзіра заклік «уперад», успомніў блакітныя вачаняты, сціснуў зброю аж да болю ў руках і пачаў страляць у назіральны пункт праціўніка, бо вайна павінна скончыцца як мага хутчэй, каб знайсці свайго браціка.
І марыў, што прывязе свой баявы медаль ужо падросшаму Васільку, возьме яго на рукі і скажа: «Трымай, герой, і працягвай нашу сямейную справу – будзь сапраўдным абаронцам сям’і, Айчыны!»
Але як ні шукаў пасля вайны Мікалай малодшага брата – ні адной вестачкі не знайшоў.
Наталля Цецярук, аграгарадок Павіцце, Кобрынскі раён