Неяк узялася перабіраць пажоўклыя ад часу сямейныя фотаздымкі, імі некалі вельмі даражыла мая маці Надзея Піліпаўна. У рукі трапілі старанна абгорнутыя, перавязаныя стужачкай нейкія паперы, дакументы. Зацікавілася: што ж такое? Пачала чытаць, і аж апякло ўсё, слёзы засцілі вочы. Я ведала, што дзядуля, бацька маёй маці, ваяваў, загінуў і пахаваны дзесьці
ў Польшчы. Але аб існаванні гэтых лістоў і дакументаў я нават не падазравала. Таму цяпер і вырашыла расказаць аб гэтым.
Ліст з фронту. Ліст майго дзядулі Піліпа Сямёнавіча Жукоўскага, з сакавіка далёкага грознага і пераможнага 1945-га. У салдацкім трохкутніку ад 5 сакавіка 1945 года ён пісаў да сям’і ў родную Кабылянку (цяпер Акцябрск): «Прывітанне, дарагія мае жонка Дуся, дочкі Вера і Надзейка. За доўгае маё маўчанне выбачайце, бо не было часу пісаць. Знаходзіўся ў частых баях. Шмат перажыў. У пісьме ўсяго не напішаш. Калі застануся жывы – пра ўсё раскажу вам… Аднойчы на нашу пазіцыю пайшла цэлая лавіна нямецкіх танкаў. Выстаяць супраць іх было цяжка. У баі параніла двух маіх таварышаў, я ж застаўся цэлым. Вораг адступіў…
Дасылаю сваё бацькоўскае благаславенне сваім дочкам. Няхай пашле ім Гасподзь усіх даброт, шчасця і мір. Прашу, не забывай мяне, любая. Прабач, калі было што ў нас з табой не так. Памятай толькі добрае. Прывітанне ад мяне ўсім родным.
Ваш муж і бацька Піліп Жукоўскі».
Гэта апошні ліст з фронту галавы сям’і. Наступнае пісьмо, прызначанае маёй бабулі, абдало сцюжай. Яно ад камандзіра часці, дзе служыў яе муж, Аляксея Іванавіча Усава: “Паважаная Еўдакія Давыдаўна. Вы пытаецеся пра свайго мужа Жукоўскага. Вайна не бывае без ахвяр. Яна многіх пакінула ўдовамі, а дзяцей – сіротамі… Ваш муж загінуў смерцю храбрых у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Вялікае Ваша гора. Але ж я прашу: беражыце сябе, каб выгадаваць дачок. У імя іх шчасця аддаў сваё жыццё Піліп Сямёнавіч”.
Боль сціскае горла. Бо наступная жаўтлявая паперка – пахаванка, дакладней, яе копія.
«Ваш муж, чырвонаармеец Жукоўскі Піліп Сямёнавіч, ураджэнец Кабылянскага сельсавета вёскі Кабылянка, у баі за сацыялістычную Радзіму, верны воінскай прысязе, праявіўшы гераізм і мужнасць, загінуў 21 сакавіка 1945 года. Пахаваны ў г.Данцыг…»
Мая бабуля дажывала свой век з намі. А мужа чакала і пасля вайны. Усё спадзявалася, што вернецца. Пахавалі яе на вясковых могілках у Акцябрску. Побач з яе магілкай і магіла сына Паўла, майго дзядзькі. Ён назаўжды застаўся 19-гадовым, загінуў са сброяй у руках у бітве з ворагам.
З архіўнай даведкі партархіва інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ (1978 г.): «Жукоўскі Павел Піліпавіч, 1924 года нараджэння, з 23 кастрычніка 1942 па 8 снежня 1943 года лічыцца радавым партызанам 115-га асобнага дзейнічаючага атрада Магілёўскай вобласці. 8 снежня 1943 года Жукоўскі П.П. загінуў у барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў…».
За стойкасць і мужнасць, праяўленыя у партызанскай барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, П.П. Жукоўскі ўзнагароджаны медалём «Партызану Айчыннай вайны». Пасмяротна, 6 сакавіка 1944 года.
Яны загінулі за свабоду Радзімы, за нашу незалежнасць, мір на зямлі. Памяць патрэбна не ім, нам – жывым, каб ведалі, хто мы і адкуль. І ганарыліся сваімі роднымі, землякамі, сваім краем.
Тамара Мандароўская,
г. Клічаў