Час нястрымна рухаецца наперад. Не застаецца побач ветэранаў. Але памяць аб іх – у нашых сэрцах назаўсёды.
…Гэтага прыгожага статнага мужчыну пазнавалі здалёк: «Наш старшыня». Ніхто не застаўся без яго дапамогі, падтрымкі. Для кожнага ў яго былі цёплае слова, парада.
Антон Антонавіч Рубацкі нарадзіўся 16 лютага 1926 года ў вёсцы Адамполье Валожынскага раёна. Але лёс склаўся так, што сям’я трапіла ў Расію.
У снежні 1943-га Антон Антонавіч прызваны ў армію ў Ніжнім Тагіле. Прайшоў навучанне ў танкавай брыгадзе на тэхніка-кіраўніка танка Т-34. З красавіка 1944 года ваяваў у саставе 5-й гвардзейскай танкавай арміі 2 Беларускага фронту. Удзельнічаў у вызваленні Варшавы, штурме Берліна.
А.А. Рубацкі ўзнагароджаны двумя ордэнамі Чырвонай Зоркі: за ўдзел у Варшаўска-Познаньскай аперацыі і за прарыў наступлення ў раёне Франкфурта–Одэра; ордэнам Славы ІІІ ступені за ўзяцце Берліна. Узнагароджаны медалямі «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна».
Аб ваенных падзеях успамінаў заўсёды сціпла і з болем: падбітыя 5 танкаў, загінуўшыя члены экіпажаў… Самому цудам удалося застацца ў жывых. Два раненні. Пасля другога, калі жалезны асколак назаўсёды застаўся ў пазваночніку, быў пераведзены ў артылерысты. Артылерыстам штурмаваў Берлін і сустракаў Перамогу.
Вярнуўся на Валожыншчыну ў 1949 годзе.
У мірныя гады працаваў старшынёй калгаса. Быў мудрым кіраўніком і дарадцам. Ніколі не цураўся простага чалавека. Людзі з цеплынёй успамінаюць, як ён, дзе б ні ехаў, заўсёды спыняўся на сваёй «Волзе», каб падвезці і бухгалтара, і палявода, і жывёлавода. Усім хапала месца ў старшынёўскай машыне.
А калі Антон Антонавіч пачынаў спяваць – змаўкалі нават салаўі…
Быў жанаты. Выгадаваў трох дачок і сына.
У 1993 годзе Антона Антонавіча не стала.
Сівыя скроні…
Моцны духам…
Яго запомнім назаўжды
Такога, з заліхвацкім чубам,
Душою вечна маладым…
Паклонімся ў пояс, нізка
Мы кожны год ля абеліска
За нашы мірныя гады.
Алена ГРЫНЬ, аг. Вішнева, Валожынскі раён