«Хрыстус нарадзіўся, Бог аб’явіўся!»
Глыбокапаважаныя браты і сёстры, людзі добрай волі, суайчыннікі!
Сардэчна вітаю вас усіх гэтым святочным воклічам і віншую з радасным і поўным духоўнага зместу святам Божага Нараджэння.
Евангелле прадстаўляе крынальную сцену Божага Нараджэння. Марыя з Юзафам шукаюць месца, дзе мог бы нарадзіцца Збаўца свету. Яны стукаюць у дзверы розных дамоў і гатэляў, але іх нідзе непрымаюць. Сапраўды, як кажа св. апостал Ян, Езус прыйшоў да сваіх, але яны Яго не прынялі.
Гісторыя Бэтлеемскай ночы не завяршылася. Езус стукае ў дзверы нашых сэрцаў. Ён хоча быць з намі і адарыць нас сваім словам і збаўчай ласкай.
Ці дзверы нашых сэрцаў адчыненыя? Ці чакаем Езуса? Ці ахвотна Яго прымаем?
Мы заўсёды імкнёмся да нейкай мэты. Хочам быць багатымі, славутымі, папулярнымі. Аднак спаўненне ўсіх гэтых жаданняў не можа нас задаволіць да канца, аб чым сведчыць штодзённае жыццё.
Таму мы павінны імкнуцца да таго, што ніколі не завяршыцца і будзе прадаўжацца вечна, менавіта да Бога. Не здарма св. Аўгусцін кажа, што не супакоіцца сэрца чалавека, пакуль не спачне ў Богу.
Нараджэнне Хрыста – гэта ўваход бязмежнага Бога ў вобразе малога бездапаможнага дзіцяці ў гісторыю чалавецтва з мэтай прыняць на сябе яго грахі і перажыць драму як аддалення, так і вяртання чалавека да Бога.
Дзякуючы таямніцы Уцелаўлення Бог з чалавечым сэрцам і тварам прыйшоў на нашу зямлю і стаў нашым спадарожнікам на шляхах нашага жыцця.
Таму Божае Нараджэнне – гэта аднаўляемая кожны год магчымасць паглыбіць прысутнасць Бога сярод нас і нашу еднасць з ім з мэтай аднаўлення нашага духоўнага жыцця ў адпаведнасці з духам Евангелля і вучэння Касцёла.
А аднаўляць ёсць што.
Сучасны свет усё больш і больш акунаецца ў розныя крызісы, ліхаманкава шукае выйсця з іх і, абапіраючыся толькі на свае чалавечыя сілы і магчымасці, не можа знайсці. Пры гэтым ён забываецца, што прычыну ўсіх крызісаў найперш неабходна шукаць у маральным крызісе, які завалодаў чалавецтвам, а выйсце з іх – у Божай дапамозе. Езус нездарма сказаў, што без Яго нічога не зможам зрабіць.
Чалавецтва перажывае крызіс сям’і, як галоўнай клеткі кожнага грамадства. Дэвальвуецца Божы дар жыцця, якое становіцца таварам. Выкарыстоўваючы найноўшыя дасягненні навукі, жыццём можна маніпуляваць. Сучасныя медыя і культура, замест таго, каб несці агульначалавечыя і маральныя каштоўнасці, часта прапагандуюць амаральныя. Новымі багамі становяцца славутыя артысты, спартоўцы, палітыкі, багацце і г.д. Пашыраецца практыка супярэчнай духу хрысціянства магіі, акультызму, астралогіі, азартных гульняў, вядзьмярства, хэллоўіну і т.п., што ўцягвае чалавека ў новыя залежнасці, якія вядуць да жыццёвых трагедый.
Гэтыя і ім падобныя паталогіі сучаснага свету ўспрымаюцца як прагрэс, праяўленне свабоды і рэалізацыя правоў чалавека, забываючыся пра правы Бога. Усё гэта чыніць чалавека залежным а не свабодным і вядзе да зневажання чалавечай годнасці, якая становіцца запраграмаваным аб’ектам, з якім можна рабiць усё што хочацца, як кажа папа Францішак. Падобна таму як законы фізікі няўмольныя і немагчыма доўга стаяць на нахільнай паверхні, таксама немагчыма нармальна жыць, не захоўваючы Божы закон.
Нашы продкі падчас ганенняў на Касцёл захавалі веру і выігралі з несвабодай, а ці мы выіграем са свабодай, якая з’яўляецца вельмі патрабавальным выклікам? Дзе шукаць выйсця ў такой сітуацыі, якая ўсё больш нагадвае пра маральную ноч?
Сёння Касцёл кіруе наш позірк у напрамку Бэтлеема, дзе заззяла Бэтлеемская зорка, святло якой свеціць святлом вечна жывога і актуальнага Евангелля.
Каляды прыходзяцца на час зімняга сонцастаяння. Падобна таму як святло прабіваецца падчас самай цёмнай пары года, таксама і Божае Нараджэнне дае нам магчымасць духоўна адрадзіцца і ўзрастаць у Божым святле, якое свеціць у духоўнай цемры сучаснага свету.
Таму мы павінны засяро-дзіцца не толькі і не столькі на знешнім святкаванні Божага Нараджэння, але на яго сутнасці. Менавіта, ці мы дазваляем Езусу нарадзіцца ў нашых сэрцах і душах, каб Яго духоўная энергія дапамагла нам вырашыць праблемы і крызісы, з якімі мы сустракаемся.
У цішыні Бэтлеемскай ночы ўважліва прыслухаймася і пачуем стук Езуса ў дзверы нашых сэрцаў. Не боймася прыняць Яго, а Ён нас духоўна пераменіць і адорыць новай надзеяй.
У гэтае радаснае і збаўчае свята Божага Нараджэння сардэчна віншую ўсіх вас, браты і сёстры, людзі добрай волі! Няхай Езус сваёй ласкай нараджаецца ў вашых душах, каб быць прысутным на вашых жыццёвых шляхах, як той, які ёсць дарогай, праўдай і жыццём.
Віншую хрысціян іншых канфесій, якія сёння святкуюць Божае Нараджэнне. Жадаю ім поўні святочнай радасці і дароў Нованароджанага Збаўцы.
Са словамі найлепшых пажаданняў звяртаюся да праваслаўных братоў і сясцёр, якія перажываюць благаслаўлёны час падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння паводле Юліянскага календара, каб праз два тыдні мы аб’ядналіся ў супольным святкаванні радаснай таямніцы Уцелаўлення Сына Божага.
Віншую ўсіх людзей добрай волі. Каляды належаць усяму свету, бо Сын Божы стаўся члавекам дзеля збаўлення ўсіх лю-дзей.
Усім вам, дарагія браты і сёстры, суайчыннікі, жадаю поўні ласкі Немаўляці Езуса і Яго супакою на святы Божага Нараджэння і на наступаючы Новы,
2017 год!
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Как отметили праздники в Польше, где с 28 декабря объявили общенациональный карантин? Сравниваем Новый год в белорусской и польской столицах.