Погода, Беларусь
Главная Написать письмо Карта сайта
Совместный проект
>>>
На заметку потребителю
>>>
Специальный проект
>>>



Праздники

№51 от 19 декабря 2013 года

Стук апоўначы — Езус прыходзіць
Стук апоўначы — Езус прыходзіць

Пастырскае Пасланне на Божае Нараджэнне 2013 года

Глыбокапаважаныя браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Ізноў, як штогод, мы адзначаем радаснае і збаўчае свята Божага Нараджэння, калі дома ладзім ялінкі, купляем падарункі дзецям і спяшаемся да касцёла, каб у роздуме стаць каля ясляў, дзе знаходзіцца фігурка Немаўляткі Езуса. Менавіта гэтае слабое фізічна Дзіця стала мацнейшым за магутных гэтага свету і адыграла непаўторную ролю ў жыцці чалавецтва, бо Яно — гэта доўгачаканы Збаўца.
Сёння мы становімся каля ясляў, каб падзякаваць Богу за такі вялікі дар Яго любові і ад Яго вучыцца такой любові, якая павінна абняць сучасны, поўны эгаізму, імкнення да ўзбагачэння любым коштам і поўны самазадаволенасці свет. Гэтая любоў яму патрэбная больш за ўсё. Яе адсутнасць з’яўляецца самым небяспечным крызісам, які вядзе ў сляпы завулак і які ўжо так моцна паразіў чалавецтва, што яно не ведае, як знайсці выйсце. А яно на самай справе ёсць — яно ў Езусе Хрысце і Яго любові да чалавека.
Гісторыя паўтараецца. Дзве тысячы гадоў таму чалавецтва таксама знаходзілася на мяжы самазнішчэння. Найлепшым прыкладам можа служыць Рымская імперыя, дзе панаваў прынцып: «хлеба і відовішчаў», што на сучаснай мове можна акрэсліць як імкненне да багацця і задавальненняў. Менавіта гэты прынцып давёў яе да краху.
2. Тады, дзве тысячы гадоў таму, сярод цёмнай ночы граху апоўначы раздаўся стук. Гэта быў стук Марыі і Юзафа ў дзверы гасцініцы, каб знайсці месца, дзе мог бы нарадзіцца Збаўца свету. На самай справе гэта быў стук Бога ў дзверы чалавечага сэрца.
Хаця ў тыя часы габрэйскі народ вызначаўся вялікай гасціннасцю і лічыў сваім абавязкам прыняць у дом кожнага падарожніка, тым не менш адказ на просьбу Юзафа быў адмоўны, хаця ноч была халоднаю. Яна была халоднаю фізічна, але перадусім халоднаю маральна, бо сэрцы людзей на просьбу прыняць цяжарную жанчыну ў свой дом казалі ёй рашучае «не». Такім чынам Марыі і Юзафу трэба было шукаць цяпла сярод жывёлаў. Недарма кажуць, што чалавек можа быць настолькі жорсткім, што паступае горш, чым жывёла. Парадокс — чалавек не прыняў Бога, а жывёлы прынялі…
Раздаўся стук сярод ночы — і жывёлы прынялі Езуса і абагрэлі Яго ў той час, калі народ не прыняў свайго Валадара. Аднак, нягледзячы на ўсё, у цемру і холад гэтай ночы ўвайшло святло і цяпло Божай любові. Любоў абняла ўсю зямлю (пар. 2 Кар 5, 14), а народ, які хадзіў у цемры, убачыў святло вялікае (пар. Іс 9, 2).
3. Усё гэта азначае, што Бог, які з вышыні нябёсаў спусціўся на нашу грэшную зямлю, у гэты цёмны і халодны свет, на самай справе схіліўся над намі. Ён нарадзіўся не ў каралеўскім палацы, але ў Бэтлеемскай стайні, бо павінен быў перамагчы злога духа сваёй пакораю. І кожны, хто знойдзе Яго ў гэтую знакавую ноч, таксама павінен схіліцца.  
Бэтлеем знаходзіцца на гары, у той час як багатыя пашы знаходзяцца ўнізе. Вуліцы Бэтлеема таксама вельмі пакручастыя і нават пабудаваны на розных узроўнях. Такім чынам, задняя частка многіх дамоў спускаецца крута ўніз, дзе калісьці знаходзіліся памяшканні для жывёлы. 
Менавіта там Марыя з Юзафам у тую халодную і цёмную ноч, спяшаючыся, шукалі месца, дзе мог бы нарадзіцца Збаўца свету. Там Бог нахіліўся да зямлі, каб прыйсці ў гэты свет.
Тыя, хто шукае Бога, таксама павінны нахіліцца. Нават у наш час, каб увайсці ў грот Нараджэння ў Бэтлееме, найперш трэба моцна нахіліцца, прайсці праз нізкі праход і спусціцца глыбока ўніз. Там неабходна стаць на калені, каб дакрануцца да месца Нараджэння Езуса, дзе на лацінскай мове напісаны словы: «Hic Verbum Caro factum est» — «Тут Слова сталася Целам».
Такім чынам, Бог нахіляецца над намі, каб прыйсці да нас. І мы таксама павінны нахіліцца, каб знайсці Яго. Бог не мае ганарлівасці і прыходзіць, каб сваёю пакораю перамагчы яе. Гонар не можа перамагчы гонару. Толькі пакора можа яго перамагчы. Цемра таксама не можа перамагчы цемру. Яна можа быць пераможана толькі святлом.
«Чалавек, які ўяўляе сябе богам, у Хрысце сустракае сапраўднага Бога, які стаўся чалавекам. Непераўзыдзеная ганарлівасць і гонар чалавека сустракаюць непераўзыдзенае самапрыніжэнне і пакору Бога», — кажа сучасны англійскі антраполаг Крыстафер Уэст.
Менавіта таму Бог схіляецца над чалавекам, і мы сёння святкуем гэту таямніцу яго схілення над намі для таго, каб нас падняць і дапамагчы нам устаць. У гэтую святую ціхую ноч Божага Нараджэння Бог у вобразе Немаўляткі без шуму прыходзіць да нас, каб быць Богам з намі (пар. Іс 7, 14). Ён сёння ізноў стукае ў дзверы нашых сэрцаў. Святое Пісанне кажа: «Вось стаю каля дзвярэй і стукаюся. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною» (Ап 3, 20).
4. У сувязі з гэтым паўстае пытанне: што сталася б, калі б Езус пастукаў у дзверы майго сэрца? Ці было б яму месца ў ім? Марыя з Юзафам схаваліся ў Бэтлеемскай стайні, бо не было ім месца ў гасцініцы (пар. Лк 2, 7). А як адбываецца з намі?
У сучасным свеце існуе вялікая маральная праблема: «Ці ў нашых сэрцах мы маем месца для Божага права, для духу Евангелля, для бедных і церпячых? Ці маем месца і час для Бога? Ці не праганяем Яго?»
Праблема ў тым, што мы не маем часу для Бога. Праўда жыцця сучаснага чалавека вельмі суровая. Чым лепшыя сродкі камунікацыі, такія, як мабільныя тэлефоны, інтэрнэт, самалёты, хуткія цягнікі і машыны, мы маем, тым менш часу застаецца ў нашым распараджэнні для Бога. Таму сучасны чалавек перажывае сапраўдны парадокс, у выніку якога для Езуса няма месца ў эканоміцы, палітыцы, заканадаўстве і нават рэлігійных практыках.
Таму ўзнікае пытанне: «Ці Бог ёсць у нашым сэрцы?». На жаль, у сучаснага чалавека праблема Бога не з’яўляецца найбольш неабходнай і тэрміновай, бо наш час і так ужо заняты і мы вельмі хутка знаходзім масу аргументаў, каб не слухаць Бога і не ўпусціць яго ў нашы сэрцы.
Сучасны свет жыве так, як Бог быццам і не існуе. Замест Божага закону ён прапануе абсалютную свабоду без адказнасці, замест працэсіі Божага Цела — парады сексуальнай роўнасці, замест свята Усіх Святых — хэллоўін, замест віншаванняў на Божае Нараджэнне — сезонныя зычанні, так званыя «Season greetings» і гэтак далей.
Такім чынам, мы любім толькі сябе саміх і прагнем рэчаў, да якіх можам рэальна дакрануцца; прагнем шчасця, якое можам адчуць; прагнем поспеху ў спаўненні нашых планаў і мараў. Мы цалкам запоўненыя самімі сабою, так што ў нас няма месца для Бога. А таму няма месца і для іншых — для дзяцей, для бедных, хворых, церпячых, маргіналаў, — як кажа папа Бэнэдыкт XVI. У свеце няма міру і справядлівасці, сям’я перажывае крызіс, дэвальвуецца Божы дар жыцця, абагаўляецца амаральнае жыццё, распаўсюджваюцца наркаманія і СНІД, якія сталі пандэміяй сучаснага свету, і гэтак далей.
5. Усё гэта вядзе да наступнай высновы: калі завяршыцца гісторыя чалавецтва і ўсе яе кнігі будуць напісаны, адным з найбольш сумных сказаў можа стаць такі сказ: «Богу не было месца ў гасцініцы нашых сэрцаў».
Не было месца! Як дзіўна і крыўдна за гэты свет, бо ў ім няма месца  Богу, які сваім вучэннем і патрабаваннямі проста не ўпісваецца ў яго, не ўпісваецца ў парадак нашага дня, графіку нашых заняткаў і прыярытэтаў.
Ізноў згадваюцца словы Евангелля пра тое, што Бог прыйшоў да сваіх і свае Яго не прынялі (пар. Ян 1, 10—11). Пры гэтым мы забываемся, што тыя, якія Яго прымаюць, становяцца дзецьмі Божымі (пар. Ян 1, 12).
Самае вялікае няшчасце, калі чалавек размінаецца з прыходзячым Богам.
А як ёсць з намі? Ці ў нашых сэрцах ёсць месца для Бога? Бо калі сапраўды ёсць, то Езус адорыць нас шматлікімі дарамі. Ноч Божага Нараджэння — гэта ноч Божых дароў. Прыслухаемся: Езус стукае ў дзверы нашых сэрцаў. Ці мы чуем Яго стук? Ці спяшаемся адчыніць Яму, каб Ён увайшоў туды і адарыў нас сваімі дарамі?
6. Літургія сённяшняга свята заклікае нас паспяшыць у Бэтлеем, паспяшыць туды найперш у духоўным сэнсе. Гэта азначае адважыцца выйсці з нашых грэшных звычак і задавальненняў, каб звярнуцца да Бога, які прыйшоў да нас. Гэта таксама азначае выйсці за нашыя асабістыя абмежаванні і абмежаванні сучаснага свету і нарэшце спаткацца з Богам.
Таму нам не дазволена заставацца пасіўнымі і толькі чакаць. Нам неабходна знайсці месца Богу ў сваім сэрцы і сваёй душы! Ён схіляецца над грэшным чалавекам, стукае ў яго сэрца і просіцца, каб мы Яго ўпусцілі.
Таму, чалавек, зрабі месца для Езуса, зрабі як мага больш месца для Яго ў гасцініцы свайго сэрца, і сапраўды станеш дзіцём Божым (пар. Ян 1, 12). Езус сваёй ласкай пераменіць цябе, каб ты быў тым, які створаны па вобразе і падабенстве Божым.
Езус стукае ў дзверы твайго сэрца! Ці ты, чалавек, чуеш і ці адчыняеш іх яму?
7. Сучасны свет кожны дзень прыносіць нам усё новыя і новыя сюрпрызы. Але найбольшым сюрпрызам ёсць тое, што Бог, як кажа папа Францішак, кожны дзень нас здзіўляе, парушаючы схемы нашага жыцця і нашы планы, і кажа: паверце Мне, не бойцеся і ідзіце за Мной! Ці мы сапраўды дазваляем Яму ўвайсці ў наша жыццё? 
Езус нарадзіўся два тысячагоддзі таму. Але праз паслугу Касцёла Ён праз сваю ласку нараджаецца і сёння, у дваццаць першым стагоддзі, голасам Касцёла стукае ў нашы сэрцы. Ці гэта нас не здзіўляе? Ці мы дазваляем Яму ўвайсці ў наша жыццё? Ці хочам, каб Ён яго перамяніў? Каму мы больш давяраем? Яму ці абяцанням гэтага свету, у якім няма трываласці і які страсаюць розныя крызісы?
Езус стукае ў нашы сэрцы і хоча, каб мы пачулі Ягоны стук і знайшлі Яму месца, бо толькі ў Ім чалавек будзе шчаслівым і будзе будаваць шчасце ўсяго грамадства.
8. Дарагія браты і сёстры!
Сёння мы радаснымі вуснамі ўсклікаем: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі!». Няхай наша Бацькаўшчына — Беларусь — стане краінай сапраўднага праслаўлення Бога праз захоўванне Яго закону і жыцця згодна з маральнымі нормамі! Няхай у ёй запануе Божы спакой, узаемная згода і паразуменне, падмуркам якіх ёсць спакой у душы кожнага чалавека!
Ад усяго сэрца віншую ўсіх вас са святам Божага Нараджэння. Віншую католікаў і тых хрысціян, якія разам з намі сёння яго адзначаюць. Віншую праваслаўных братоў і сясцёр і жадаю ім падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Збаўцы. Віншую ўсіх людзей добрай волі. Няхай прыклад Бога, які схіліўся над грэшным чалавецтвам і стукае ў нашы сэрцы, дапаможа нам у духу пакоры перамагчы нашу пыху і падзелы нашага грамадства, каб мы ўсе ў Езусе Хрысце былі адзінымі.
Радасных, шчаслівых, поўных Божай ласкі і прысутнасці Хрыста ў нашых сэрцах святаў і шчаслівага наступаючага Новага года.
Хрыстус нарадзіўся — Бог аб’явіўся! Ён стукае ў нашы сэрцы! Іх неабходна адчыніць!
З гэтымі пажаданнямі ў знак нашай духоўнай еднасці дзялюся з усімі вам аплаткай, даручаю вас апецы Багародзіцы Марыі, і ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, і Сына, і Святога Духа. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі



Всего 0 комментария:


Еще
В рубрике


Как отметили праздники в Польше, где с 28 декабря объявили общенациональный карантин? Сравниваем Новый год в белорусской и польской столицах.


Пандемия внесла свои коррективы: нынешний Новый год наши белорусские звезды будут встречать в тихой, домашней атмосфере. Без аплодисментов, громыхания музыки и фейерверков.


Вифлеемский огонь мира – не просто пламя. Это символ Рождества для католиков на всей земле.


Во всех городах Беларуси празднование Дня Независимости по традиции начнется с торжественного митинга и возложения цветов к мемориалам. А закончится республиканской акцией «Споем гимн вместе» и красочными фейерверками.