Погода, Беларусь
Главная Написать письмо Карта сайта
На заметку потребителю
>>>
Совместный проект
>>>
Специальный проект
>>>



Наука и образование

№38 от 18 сентября 2019 года

У чаканнi першага слова
У чаканнi першага слова

Колькі радасці адчуваюць маладыя бацькі, калі чуюць ад свайго немаўля першае слова! «Мама», «тата», «коця»... Пачынаецца так званы слоўны этап развіцця гаворкі дзіцяці. Як хутчэй «разгаварыць» маўчуна, чаму так неабходны пальчыкавыя гульні для малых і якія памылкі часцей за ўсё дапускаюць бацькі ў працэсе навучання дзіцяці, распавядае доктар педагагічных навук, прафесар кафедры методык дашкольнай адукацыі БДПУ iмя М. Танка, член Міжнароднай асацыяцыі даследчыкаў дзіцячага маўлення Наталля Старжынская.


– Наталля Сцяпанаўна, шмат хто лічыць, што калі дзіця правільна навучылі вымаўляць словы, то гэтага хопiць, астатняму сам навучыцца ў школе...
– На самай справе навучанне на гэтым не заканчваецца. Важна, каб дзіця не проста ведала словы, правільна іх вымаўляла, але і выкарыстоўвала вобразныя выразы, умела разгадваць загадкі, ведала прыказкі, прымаўкі. У гэтым нельга спадзявацца толькі на дзіцячы сад. Бацькі павінны пастаянна займацца з дзіцём, мець дома развіваючыя кнігі, выконваць спецыяльныя практыкаванні, дапамагаць малому пазнаваць навакольны свет.
Што тычыцца навучання грамаце, то часта тут маюць на ўвазе толькі пісьмо і чытанне. Гэта было характэрна для 20-х гадоў мінулага стагоддзя, калі дзейнічаў «лікбез». Калi мы гаворым пра сучаснае значэнне гэтага паняцця, то маем на ўвазе перш за ўсё разумовае развіццё. Навучыць чытаць можна і па газеце, але ці будзе гэта паўнавартасным навучаннем? Нярэдка бацькі, не ведаючы сучасных методык, вучаць дзіця складаць літары (напрыклад, так чытаў Хвілiпок ў аднайменным аповедзе Льва Талстога). Настаўніку ў школе даводзіцца потым перавучваць такога чытача, інакш ён не хутка авалодае беглым чытаннем.
– Псіхолагі кажуць, што часам своеасаблівым штуршком да развіцця маўлення з‘яўляецца паступленне ў дзiцячы сад, дзе дзеткi пачынаюць стасавацца памiж сабой. Вы згодны з гэтым меркаваннем?
– З аднаго боку, гутаркi з аднагодкамі сапраўды паскараюць працэс папаўнення слоўнікавага запасу. З іншага – пытанне ў тым, наколькі якасная гэтая гаворка? У апошні час вельмi актуальнай застаецца праблема гукавымаўлення ў дашкольнікаў. У норме лічыцца, што да 5 гадоў дзіця павінна правільна вымаўляць усе гукі роднай мовы. А ў нас 40–60% першакласнікаў з недахопамі вымаўлення, часам звяртаюцца да лагапеда ледзь не цэлымі групамі! Дваццаць гадоў таму такога не было. Спецыялісты тлумачаць гэта i ўплывам экалогіі, і празмернай нагрузкай на дзяцей, прылучэннем iх з ранніх гадоў да камп‘ютэрных гульняў...
Я не выступаю супраць камп‘ютэрных тэхналогій, усё залежыць ад таго, як іх выкарыстоўваць. На жаль, часцей за ўсё планшэтамі і смартфонамі карыстаюцца ў сям‘і не для развіцця дзяцей, а для спакою бацькоў. Даў планшэт з гульнёй, і на паўгадзіны вольны. Калі гэта пазнавальныя, навучальныя гульні з загадкамі, ды яшчэ сумесныя з дарослым, – гэта пойдзе толькі на карысць. Але ці ўсе бацькі «супакойваюць» маляняці менавіта такімі гульнямі?
У ЗША некалькi гадоў таму набылі папулярнасць спецыяльныя фільмы для самых маленькіх — «БэбiЭйнштэйн», якія рэкамендавалася глядзець дзецям ледзь не з пялёнак. Спецыялісты запэўнівалі, што гэты фільм спрыяе павышэнню інтэлекту, дзіця глядзіць на экран не адрываючыся... Аднак неўзабаве псіхолагі выказаліся наконт падобных фільмаў: пасадзіце малога перад пральнай машынай, і яно так жа зачаравана будзе глядзець на тое, як круціцца барабан...
– З якога ўзросту трэба пачынаць працаваць над развіццём мовы?
– З самага нараджэння. Нават калі маляня яшчэ нiчога не гаворыць, яно ўжо чуе вас, пазнае блізкіх па голасе, актыўна сочыць за вашай мімікай, выдае розныя гукі –
«гуліць», потым лапоча. Ніякіх асаблівых практыкаванняў у гэты час выконваць не трэба, тут неабходны абмен эмоцыямі, варта проста больш размаўляць з дзіцём, важна каб яно бачыла ваш твар, артыкуляцыю.
Таксама немаўляцi трэба рабіць масаж пальчыкаў. Добрым сродкам з‘яўляюцца народныя пацешкі – напрыклад, тая ж самая «сарока-варона» і інш. Бо развіццё дробнай маторыкі напрамую ўплывае на развіццё маўлення. Калі дзіця дрэнна згінае і разгінае пальчыкі, рука яго млявая, то адразу можна казаць, нават не слухаючы яго, што яно дрэнна размаўляе.
– У наш час многія бацькі асаблівую ўвагу надаюць навучанню замежным мовам. Практычна з двух-трох гадоў запісваюць малых на курсы англiйскай мовы. Як зразумець, ці гатовае дзіця да засваення новай мовы?
– Безумоўна, вывучэнне замежных моў пойдзе на карысць. Ва ўсім свеце ўжо прызналі, што інтэлектуальныя здольнасці вышэй у тых дзяцей, якія з дзяцін-
ства пачынаюць размаўляць на дзвюх і больш мовах. Галоўнае – не перагрузiць ведамі, навучанне павінна праходзіць ненадакучліва, у форме гульнi. Аптымальны узрост пачатку навучання замежнай мове – 4 – 5 гадоў, калі дзіця авалодае гутарковай гаворкай на роднай мове. Калі бацькі валодаюць замежнымі мовамі, яны могуць з самага пачатку выхоўваць малога ў двухмоўным асяроддзі. Пры гэтым важна прытрымлівацца прынцыпу: адна асоба – адна мова. Напрыклад, мацi гаворыць на рускай мове, а тата – на англійскай. У такім выпадку дзіця будзе бачыць: ёсць матчына мова, ёсць татава мова, і першапачаткова будзе іх падзяляць.
– Наталля Сцяпанаўна, большасць вашых кніг прысвечаны тэме развіцця беларускага маўлення ў дашкалят. На працягу ўсёй гісторыі нашай краіны стаўленне да беларускай мовы пастаянна змянялася. Як адбілася гэта на навучальнай праграме ў дзіцячых садках?
– Сітуацыя існавання двух родных моў у адным культурным асяроддзі ў свеце прызнаецца вельмі рэдкай, толькі калі чалавеку аднолькава родныя абедзве нацыі, іх культуры і побыт. Беларусы прызнаюць і рускую, і беларускую культуру. Але, жывучы ў беларускім нацыянальным культурным асяроддзі, пазнаюць яе часцей за ўсё сродкамі рускай мовы.
У дзіцячым садзе прадугледжана развіццё беларускага маўлення дашкольнікаў, але да апошняга часу яно было мала звязана з нацыянальнай культурай у шырокім сэнсе слова. У апошняе дзесяцігоддзе распрацоўваецца новы напрамак у дашкольнай адукацыі – інтэграванае навучанне, у адпаведнасці з якім дзеці спазнаюць адзіную карціну свету з дапамогай дзвюх моў. Галоўная задача педагогаў сёння заключаецца не ў тым, каб дзеці ведалі як мага больш беларускіх слоў, маглі пераказаць беларускую казку ці прачытаць кароткі верш, а ў тым, каб яны праз мову далучаліся да беларускай культуры. Лічу, што кожны павінен на даступным яму ўзроўні ведаць гісторыю сваёй краіны, яе традыцыі, звычаі, нацыянальныя святы.
Пяру Наталлi Старжынскай належыць больш за 20 кніг па развіцці дзіцячага маўлення, у Беларусі па яе дапаможніках выхавацелi займаюцца з дашкольнiкамi ў дзіцячых садках, а першаклаcнiкi вывучаюць грамату па распрацаванай ёю праграме. У 2018–2019 гадах выйшлi ў свет вучэбныя наглядныя дапаможнiкi з серыi «Развіццё беларускага маўлення дашкольнікаў», распрацаваныя для дзяцей ад 4 да 7 гадоў, аўтарамi якiх з‘яўляюцца Наталля Старжынская i кандыдат педагагічных навук, дацэнт кафедры методык дашкольнай адукацыі БДПУ iмя М. Танка Дзiна Дубiнiна.



Всего 0 комментария:


Еще
В рубрике
От автора

Почему премию за открытие черных дыр вручают сейчас, когда об их существовании говорят уже много лет? 

В 2017 году в среднюю школу №1 имени А.Р. Соловья городского поселка Октябрьский по распределению приехали сразу пять молодых специалистов – почти четверть педагогического коллектива.

Заветную «сотню» на централизованном тестировании в этом году получили 323 человека.

1 сентября по предварительным данным за парты должны сесть 2 тыс. 477 юных жителей Ивьевщины.