Погода, Беларусь
Главная Написать письмо Карта сайта
Давайте разберемся!
>>>
Конкурс
>>>
Малая родина
>>>



Праздники

№51 от 20 декабря 2018 года

«Скандал», цi Радасць Божага ўцелаўлення
«Скандал», цi Радасць Божага ўцелаўлення

Пастырскае пасланне Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага на Божае Нараджэнне 2018

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры, людзі добрай волі!

Сардэчна вітаю вас у радаснае і збаўчае свята Божага Нараджэння, калі мы адзначаем прыйсце Бога ў чалавечым целе ў наш грэшны свет з мэтай яго збавіць. Гэтая падзея, якая мела месца 20 стагоддзяў таму назад, стала паваротным пунктам у гісторыі чалавецтва. Яна адкрыла яму новы небасхіл і дала новую надзею, нават насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18).

Евангелле прадстаўляе праўду ўцелаўлення Бога, якая нас зачароўвае. Перад абліччам Божага Немаўлятка яна нас абяззбройвае і схіляе да разважання над бязмежнасцю Божай любові да грэшнага чалавека. Бог не пакінуў чалавека аднаго з яго бядой, але паспяшыў з дапамогай. На гэту ласку бязмежнай любові Бога да чалавека мы таксама павінны адказаць узаемнай любоўю да Бога.

Змяняюцца часы і звычаі, але праўда Божага Нараджэння застаецца той самай. Яна заклікае нас да таго, каб Бог сваёй ласкай нараджаўся ў нашых сэрцах і праз нас у свеце, які ўсё больш адыходзіць ад Бога і патрабуе новага духоўнага подыху.

Мы ведаем, што існуюць вялікія і нават фундаментальныя адрозненні паміж рэлігіямі і веравызнаннямі. У той самы час нярэдка можна пачуць аб ідэі сінкрэтызму, які сцвярджае, што ўсе рэлігіі роўныя. Дастаткова толькі верыць, каб быць збаўленым, і не важна, ў якога бога.

Такое меркаванне фальшывае. Калі ўсе рэлігіі вызнаюць веру ў існаванне бога, то хрысціянства прапануе значна больш. Менавіта, што Бог стаў чалавекам для нашага збаўлення. Таму хрысціянства – гэта вера не толькі ў Бога, але і ў Бога-Чалавека – Езуса Хрыста – нашага Збаўцу, нараджэнне якога сёння адзначаем.

Вера ў боскасць і чалавечнасць Езуса Хрыста з’яўляецца падмуркам нашага аптымізму. Мы верым у Бога і ў той сам час верым, што Сын Божы ўцелавіўся. А гэта азначае, што разам з Ім Божая ласка зыходзіць у наш бачны свет, нашу працу, наша асяроддзе і нашае жыццё. Гэтым самым хрысціянства абагаўляе зямлю.

Адзін чалавек наведаў кляштар і пабачыў, як манахі з радасцю супольна моляцца і жывуць. Тады ён сказаў: «Якія яны шчаслівыя, могуць забыцца пра ўсе зямныя праблемы». Але потым дадаў: «Аднак у той самы час яны не могуць пагарджаць грэшным светам, бо і ў яго сыходзіць Бог».

Сапраўды, Бог уцелавіўся больш за 2000 гадоў таму і зышоў у наш свет. Але Яго ўцелаўленне працягваецца праз дзейнасць Касцёла, праз нас, нашу малітву і працу. Таму Божае Нараджэнне неабходна святкаваць увесь час. Усё наша жыццё – гэта наш Бэтлеем, у якім Бог з намі.

Бог у вобразе чалавека прыйшоў у гэты свет у Бэтлееме. Сёння, пасля 20 стагоддзяў, Ён таксама прыходзіць да нас. Да Яго паспяшылі пастушкі, тры Мудрацы з Усходу, але не пайшлі прывітаць ні кароль Ірад, ні фарысеі, ні магутныя гэтага свету.

А як ёсць з намі? Ці мы гатовы яго прыняць? Ці мы, людзі XXI стагоддзя, якія ўсё больш зацыкліваемся на сабе саміх, на пошуку прыемнасцяў, імкненнi да ўлады і багацця, давяраем дасягненням свайго розуму, развіццю навукі і тэхналогіі, можам з пакорай прыняць праўду ўцелаўлення Бога? Ці можам дапусціць, што паміж нас прыходзіць сам Бог? Гэтыя і падобныя пытанні ўзнікаюць кожны дзень.

Свет перажывае не сустраканы раней крызіс веры. У імя свецкасці ў завуаляваны спосаб абмяжоўваецца яе публічнае праяўленне і яна ўсё часцей зводзіцца да прыватнай сферы. Пад прэтекстам не ўражання вернікаў іншых рэлігій ці культур прабуецца стварыць уніфікаваную мадэль жыцця, адхіляючы вядомыя і паважаныя ўсімі традыцыі, або змяняючы іх назвы, сімвалы ці месцы. У выніку чаго размываюцца асновы веры з мэтай абмежавання яе ў калектыўнай свядомасці, якая зводзіцца да няясных успамінаў пра традыцыю.

Ці ў такой сітуацыі мы часам не падобны да тых людзей, якія ў сінагозе ў Назарэце не хацелі слухаць Езуса? Яны казалі: хто ж Ён такі, што нас павучае? Мы ж Яго добра ведаем, Ён сын Марыі і Юзафа (пар. Мк 6, 1-6). Ці мы не падобны да слухачоў св. апостала Паўла ў Атэнскім Арэапагу, што паслухаюць яго іншым разам (пар. Дз 17, 32).

Крызіс веры вядзе да крызісу надзеі, які ўсё часцей адчуваецца ў сучасным свеце. Людзі губляюць надзею і перастаюць верыць у сваю эсхаталагічную спадчыну. Свет, які жыве без Бога, не ведае праўды або не хоча яе ведаць, што Хрыстус Збаўца даў пачатак новаму стварэнню. Таму навізна Евангелля заключаецца ў тым, што калі чалавеку здаецца, што ён зрабіў усё магчымае, то Бог збіраецца перамагчы. Неабходна толькі дазволіць Яму дзейнічаць.

Сутнасць праблемы заключаецца ў «скандале ўцелаўлення» ў шакавальнай магчымасці таго, што Бог можа аб’явіцца сярод людзей у вобразе чалавека і ў звычайных абставінах. Уцелаўленне Бога палохае сучасны свет, таму што Бог прыходзіць да кожнага з нас, прыходзіць з чалавечым сэрцам і тварам, каб быць блізка да нас і прыпомніць аб Божай праўдзе.

Сёння, калі Збаўца прыходзіць у наш беларускі Бэтлеем, услухаемся ў галасы анёльскіх хораў, якія абвяшчаюць хвалу Богу на вышынях і супакой людзям добрай волі. Яны спяваюць і на нашай зямлі. Паспяшаем да Яго, як паспяшылі пастушкі. Станем у цішыні каля ясляў з Немаўляткам Езусам і ў Ім вачыма душы ўбачым Збаўцу, каб «скандал уцелаўлення» стаўся нашай радасцю і каб яна была поўнай (пар. Ян 5, 11).

Праўда ўцелаўлення Бога заклікае да таго, каб мы сваім хрысціянскім жыццём неслі Хрыста ў наш свет, які Яго патрабуе. Сапраўднае хрысціянскае жыццё – гэта той шлях, на якім чалавек пакліканы ісці за Богам, а не спадзявацца толькі на дасягненні навукі і тэхналогіі або на гараскопы ў надзеі пазнаць сваю будучыню. Хрысціянін павінен даверыцца Хрысту, які нарадзіўся ў Бэтлееме і нараджаецца сёння на нашай зямлі, каб заставацца верным ідэям будовы свабоднага і цнатлівага грамадства.

Дарагія браты і сёстры!

Прыйсце Сына Божага ў асобе чалавека ў наш свет стала пачаткам ажыццяўлення Божага плану збаўлення. У безабаронным Немаўляці праявілася бязмежная Божая любоў, якая не цуралася і далей не цураецца схіліцца над грэшным чалавекам, каб яго выратаваць ад вечнай смерці і даць новую надзею.

Святкаванне таямніцы Уцелаўлення Божага Сына дазваляе нам чарговы раз наблізіцца да праўды аб Богу, які хоча быць блізкім да кожнага з нас; хоча выпаўніць святлом сваёй святой прысутнасці наша жыццё і нашы справы, якія праз грэх спавіты цемрай духоўнай смерці.

Віншую ўсіх вас з Нараджэннем Хрыстовым!

Віншую каталікоў і тых хрысціян, якія сёння адзначаюць гэтае свята!

Віншую братоў і сясцёр праваслаўных, якія будуць святкаваць Хрыстова Нараджэнне праз два тыдні!

Віншую ўсіх людзей добрай волі!

Ад усяго сэрца жадаю ўсім вам выпаўненай супакоем духоўнай пілігрымкі ў бэтлеемскую пячору і спаткання з Нованароджаным, які выклікае захапленне ад кантэмпляцыі Яго святога аблічча.

Няхай дзякуючы таямніцы ўцелаўлення Бога наша Айчына стане Бэтлеемам XXI стагоддзя, каб у ёй кожны дзень сваёй ласкай нараджаўся Езус! Няхай Ён адорыць нас сваім супакоем! Няхай узбагаціць новай надзеяй, якая не толькі ў палітычнай ці эканамічнай свабодзе або ў рэформах, але перад усім у Богу! Няхай благаславіць нас і вядзе шляхам свайго Евангелля ў шчаслівую будучыню!

Беларусь, не бойся прыняць Езуса, бо ў Ім наша надзея і шчаслівая будучыня!

Поўных ласкі Пана і Яго супакою святаў Божага Нараджэння і шчаслівага Новага года! Усведамленне прысутнасці Слова, Якое «сталася целам і пасялілася між намі» (Ян 1, 14), няхай суправа-
джае нас ва ўсіх нашых ініцыятывах у гэты новы перыяд нашага жыцця!

Раздзяляючы з усімі вамі радасць прыйсця Сына Божага ў свет, на знак еднасці дзялюся традыцыйнай аплаткай. Як яна складаецца з многіх зярнятак, таксама і мы будзьма адзіны ў Езусе Хрысце, каб наша радасць была поўнай (пар. Ян 15, 11)!

Свае пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.



Всего 0 комментария:


Еще
В рубрике

На Пасху, как и на любой праздник, принято поздравлять друг друга.

Еще не успел последний осенний листочек упасть на замерзшую землю, как в Минске уже заработали новогодние базары!

Небеса убо достойно да веселятся, земля же да радуется: да празднует же мир, видимый же весь и невидимый, Христос бо воста, веселие вечное. Тропарь 1-й песни Пасхального канона

«Неабходна, каб, ідучы за ўваскрослым Хрыстом, мы сваім сапраўдным хрысціянскім сведчаннем заўсёды выказвалі нашу радасць і веру ва ўваскрасенне, якое вядзе ў шчаслівую будучыню»,– адзначае арцыбіскуп.